Колькі будзем зарабляць у наступным годзе?


Эканамічная стабільнасць Беларусі пад пагрозай! А рызыкі значна ссунутыя ў бок пагаршэння сітуацыі. Да такой высновы прыйшлі дырэктары выканаўчай рады Міжнароднага валютнага фонду, абмеркаваўшы пяты постпраграмны маніторынг у нашай краіне. Без рашучых дзеянняў афіцыйнага Менску і структурных рэформаў не абысціся, канстатуюць эксперты. Ці гатовыя да такіх крокаў улады?



Колькі будзем зарабляць у наступным годзе? Урад абяцае рост заробкаў у бюджэтнай сферы цягам года ажно на 23 %, ды гэта ў доларавым эквіваленце. Міжнародны валютны фонд раіць зменшыць апетыт і ўвогуле… сесці на дыету. То бок замарозіць павышэнне заробкаў. І такі падыход эканамічна абгрунтаваны, кажуць адмыслоўцы.

{movie}Несуцяшальныя высновы МВФ (18.12.2013) |right|13834{/movie}

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“У наступным годзе ў Беларусі дакладна не будзе сродкаў на павышэнне сацыяльнай сферы, на павышэнне заробкаў, бо, па сутнасці, усе крыніцы, створаныя папярэдняю дэвальвацыяй, цяпер вычарпаныя, і хутчэй за ўсё рост будзе замарожаны”.

Як мяркуе эканаміст, улады могуць пайсці на намінальнае павышэнне з адначасовым ростам тарыфаў і цэнаў на сацыяльна значныя тавары. Але сітуацыя з дабрабытам насельніцтва – усяго толькі кавалак мазаікі ў беларускай эканоміцы, якую чакаюць павольныя тэмпы росту і складаная сітуацыя з плацежным балансам. Такі прагноз зрабіў Міжнародны валютны фонд па выніках ужо пятага постпраграмнага маніторынгу Беларусі.

МІЖНАРОДНЫ ВАЛЮТНЫ ФОНД:

«Рызыкі істотна ссунутыя ў бок пагаршэння сітуацыі. У прыватнасці, далейшае пагаршэнне сальда рахунку бягучых аперацыяў або фінансавага рахунку можа павялічыць ціск на рэзервы і беларускі рубель».

Якія і так ужо пацярпелі: пачынаючы з чэрвеня пакупка фізічнымі асобамі валюты стала перавышае продаж. З пачатку года беларусы набылі валюты амаль на $ 2 млрд больш, чым прадалі. Прыкладна на такую ж суму, паводле МВФ, зменшыліся золатавалютныя рэзервы краіны. Па выніках маніторынгу фонд чарговы раз даў уладам Беларусі шэраг рэкамендацыяў.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“МВФ мае на ўвазе перадусім лібералізацыю ў эканоміцы і прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, але, як мы ведаем, такога трэнду не назіралася ніколі ў беларускай эканоміцы за апошнія 20 гадоў, і прыватызацыя будзе праводзіцца па-ранейшаму кропкава і па вельмі дарагіх коштах”.

Дырэктары МВФ рэкамендавалі ўладам таксама зменшыць інтэрвенцыі на валютным рынку і рэзка скараціць дырэктыўнае крэдытаванне. Да некаторых парадаў Менск, напэўна, прыслухаецца, але на рынкавыя рэйкі наўрад ці стане, лічыць Леанід Злотнікаў.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ЭКАНАМІСТ:

“Пераход да рынкавай эканомікі азначае з’яўленне ўласнікаў, а яны не хочуць быць залежныя ад дзяржавы. З’яўляецца гэтак званы сярэдні клас, які ёсць суб’ектам фармавання дэмакратыі ў краіне”.

Апроч таго, як падкрэсліваюць незалежныя эканамісты, у апошнія гады Беларусь была і ў значна горшых эканамічных умовах, і нават яны не змусілі ўлады да правядзення структурных рэформаў.

Вольга Кляўчэня, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў