Еўрамайдан чакае ад Януковіча падрабязнасцяў пра газавыя пагадненні


https://youtu.be/0v1hoeF1BKs
Украінскія ўлады гавораць, што перадухілілі эканамічную катастрофу, але ў абмен на палітычны крызіс. Адміністрацыю прэзідэнта ахоўвае спецназ, а паседжанні Вярхоўнай Рады цягнуцца не больш за 10 хвілінаў.

“Надзвычайна выгадныя ўмовы” пагадненняў Кіева з Масквою дазволяць у 2 разы падняць мінімальны заробак у краіне, а таксама павялічыць пенсіі ды стыпендыі. Зніжэнне коштаў на расейскі газ украінскія ўлады называюць “гістарычным”. Замест $ 400 за кубаметр Украіна будзе плаціць 268,5. Апроч гэтага, Кіеў атрымае крэдыт $ 15 млрд. А таксама мільярдныя кантракты ад расейскіх кампаніяў.
{movie}Еўрамайдан чакае ад Януковіча падрабязнасцяў пра газавыя пагадненні |right|13825{/movie}
Неафіцыйна гавораць, што пагадненне з Расеяй падпісалі пад заклад стратэгічных прадпрыемстваў Украіны.

«Пуцін вырашыў сказаць, што дае невядома чаму іншай дзяржаве $ 15 млрд. Дзяржава – банкрут і ў стане дэфолту. І вось ён будзе купляць «смеццевыя» каштоўныя паперы гэтай дзяржавы, хоць у яго самога ў краіне дзяржаўны бюджэт сёлета адмоўны», – адзначыў эканаміст Алег Саскін з Інстытуту трансфармацыі грамадства.

У сваю чаргу лідары апазіцыі гаворыць, што Януковіч здрадзіў інтарэсам украінскага народу. Падпісаныя ў Маскве пагадненні называюць нелегітымнымі ды кажуць, што будуць дамагацца адстаўкі Кабінету міністраў. «Галоўнае, каб не здалі Майдану. А мы будзем тут да перамогі», – заяўляюць актывісты Еўрамайдану ў Кіеве, звяртаючыся да арганізатараў пратэстаў.

«Майдан у любым выпадку не разыдзецца. Ніколі. Таго, што ён [Віктар Януковіч – belsat.eu] падпісаў, ніхто не ведае. Нават прыбліжаныя людзі, у прынцыпе, не ведаюць, пра што была гаворка», – пракаментавала ўдзельніца пратэстаў Ірэна Яцуляк.

«Тое, што людзі не ведаюць, з якою мэтаю і з якімі дакументамі ехалі падпісваць, гэта крыху людзей бянтэжыць. Яны хочуць ведаць, з якімі намерамі ды з якімі абяцаннямі ехалі [у Маскву – belsat.eu] нашыя дзяржаўныя мужы», – адзначыў яшчэ адзін мітынгоўца Ігар.

Улады спрабуюць залагодзіць настроі Еўрамайдану. Прэм’ер Мікалай Азараў заявіў, што Кіеў дае зялёнае святло падпісанню 5 пагадненняў з Еўразвязам. Але выглядае на тое, што гэтымі заявамі ўлады папросту спрабуюць збіць хвалю пратэстаў.

Палітычны крызіс тут – гэта гульня нерваў. Пытанне ў тым, у каго яны здадуць першымі? Не зразумела, колькі Віктар Януковіч гатовы хавацца за міліцэйскімі шчытамі. У сваю чаргу, апазіцыя заклікае мітынгоўцаў на Еўрамайдане набрацца цярпення і дамагацца перавыбараў.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», Кіеў

Глядзі таксама
Каментары