Новая кніга Някляева мае настрой «чалавека ў дарозе»


Уладзімір Някляеў выступіў у Беларускім доме ў Варшаве, прэзентаваўшы сваю новую кнігу – «Знакі прыпынку». Навіны культуры.

Шмат якія апавяданні ды вершы са зборніка публікаваліся раней, паасобку. Ідэю сабраць іх разам падаў журналіст Сяргей Шапран. Ідэя спрацавала, бо, як кажа Някляеў, пабачыўшы гэтыя творы ў адным выданні, ён зразумеў, што сукупнасць ператварылася ў своеасаблівы раман.

{movie}Агляд падзеяў культуры (18.12.2013) |right|13824{/movie}

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ПАЭТ:

«Які настрой у гэтай кнізе? Гэта настрой чалавека, які ідзе па дарозе. Ён праходзіць поле, пасля праходзіць праз лес і ідзе каля возера, уздоўж ракі. І так паступова праз жыццё. Тое, што ён адчувае, што думае ў дарозе, і ёсць настрой гэтай кнігі».

Першую прэзентацыю зборніка правялі менавіта ў Варшаве, бо Польшча – той пункт, дзе самы палітычны паэт і самы паэтычны палітык калісьці спыніўся на цэлы год. Імпрэзу правяла Валярына Кустава, якая перакананая, што пяру Някляева належыць найлепшая паэзія, напісаная беларускімі аўтарамі цягам апошняга дзесяцігоддзя.

ВАЛЯРЫНА КУСТАВА ПАЭТКА, ВЯДОЎЦА ВЕЧАРЫНЫ:

«Не трэба заахвочваць купляць кнігу «Знакі прыпынку», бо Някляеў сам па сабе сімвал і знак. Публіка яго ведае і любіць, і я баюся, каб не сталася так, што не хопіць гэтых кніг усім ахвотным».

На імпрэзе не ўдалося пазбегнуць пытанняў пра палітыку. Уладзімір Някляеў прызнаўся, што прыйшоў туды праз паэзію. А менавіта – задаючыся пытаннем, хто будзе чытаць беларускую літаратуру, калі праўладны курс не зменіцца.

Іншыя тэмы: У Горадні паказалі батлейкі розных часоў. У пракат выходзіць «Хобіт: пустэча Смаўга». Слонім стаў дэкарацыяй для японскага анімэ «Code Geass».

МЧ, belsat.eu

Стужка навінаў