Апазіцыянерку Галіну Краўчанку вылучылі на давыбары ў парламент


Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду», грамадзянская кампанія «Наш дом» і шэраг іншых дэмакратычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў падтрымаюць на давыбарах у парламент па Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 кандыдатуру актывісткі руху «За Свабоду» Галіны Краўчанкі.

Давыбары ў Палату прадстаўнікоў па Навабеліцкай акрузе пройдуць у час выбараў у мясцовыя саветы 23 сакавіка 2014 года, бо падчас парламенцкай кампаніі 2012 года там не абралі дэпутата. Гэта адзіная ў Беларусі акруга, якая не мае свайго прадстаўніка ў парламенце. На выбарах 2012 года кандыдат ад апазіцыі зняўся з перадвыбарчай гонкі, таксама зняў сваю кандыдатуру і прадстаўнік улады, на той час – памочнік прэзідэнта па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка, які пазней страціў сваю пасаду. Выбарнікі ж прагаласавалі супраць адзінага па Навабеліцкай акрузе кандыдата ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Актывістка Галіна Краўчанка на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе балатавалася па Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе.

Як паведаміў рэгіянальны лідар руху «За Свабоду» Пётр Кузняцоў, у будучай кампаніі спадарыня Краўчанка плануе максімальна выкарыстоўваць онлайн-медыі і сацыяльныя сеткі, асабістыя сустрэчы з грамадзянамі, а таксама будзе супрацоўчаць з іншымі кандыдатамі, якія адначасова будуць балатавацца ў мясцовыя органы ўлады.

«У межах грамадзянскай кампаніі «Навабеліца» мы ўжо некалькі месяцаў разам з жыхарамі раёну вырашаем лакальныя праблемы, як сваймі рукамі ды сіламі, так і праз ціск на ўладу. Гэта дае нам перавагу, бо ўжо ёсць кантакты з мясцовым насельніцтвам, пэўная вядомасць і нават група падтрымання. Галіна здолела стварыць і нарасціць наш патэнцыял у гэтым раёне, і гэта будзе важкім фактарам у будучай палітычнай кампаніі», – лічыць Кузняцоў.

Хоць актывістка і не верыць у сумленнасць будучых выбараў, але заяўляе: «Электаральная перамога – нашая галоўная мэта».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў