Аўтамабілісты плануюць правесці 20 снежня ў Менску акцыю «СТОП-падатак»


Мірная акцыя мае быць пратэстам супраць праекту збірання падатку «на допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху».

«Не трэба баяцца і маўчаць, чым больш мы маўчым, тым больш нахабна паводзяцца чыноўнікі. Не трэба баяцца сілавых дзеянняў з боку ўладаў, яны самі павінныя нас баяцца і ўжо баяцца – любы сілавы варыянт у дачыненні ўдзельнікаў пратэсту можа прывесці да адкрытага супрацьстаяння народу і ўлады», – падалі арганізатары акцыі.

Акцыя мусіць распачацца 20 снежня а 18 гадзіне ў Менску на праспекце Незалежнасці – на адрэзку ад Нацыянальнай бібліятэкі да плошчы Незалежнасці.

Матэрыял «Аб’ектыву» пра аўтападатак:

{movie}Матэрыял “Аб’ектыву” пра аўтападатак|right|13823{/movie}

Удзельнікі акцыі, рухаючыся па праспекце ў сваіх аўтамабілях, маюць знізіць хуткасць да 5-10 км/г. Тыя, хто не захоча рухацца далей, могуць спыніцца, падняць капот ды рамантаваць «узніклую неспадзявана паломку», выставіўшы знак прыпынку ў адпаведнасці з ПДР. Лепш, аднак, працягваць рух з малою хуткасцю, бо гэта не забароненае і не дасць магчымасці абвінаваціць у блакаванні руху, раяць арганізатары.

Калі ж аўта спыніць інспектар ДАІ, уся адказнасць за блакаванне руху кладзецца на яго. Рухаючыся з малою хуткасцю, аўтамабілісты застрахуюць сябе ад дзеянняў зламыснікаў і правакатараў.

Калі ж ДАІшнікі заблакуюць пад’езд да месца правядзення акцыі, арганізатары раяць спыніцца ў месцы свайго перабывання і падтрымаць «СТОП-падатак», сігналячы.

«Пры кантактах ці прэтэнзіях з боку праваахоўных органаў захоўвайце развагу і спакой, не паддавайцеся на правакацыі, не ўступайце ў нервовыя сваркі. Будзьце годнымі грамадзянамі сваёй краіны, адстойвайце свае правы, падтрымлівайце адно аднаго», – заўважылі арганізатары.

Яны заклікаюць ДАІшнікаў таксама далучыцца да акцыі, бо і тым давядзецца плаціць падатак.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў