Менш за 10 чалавек – на новай акцыі дзеля абароны музею Багдановіча


За прысутнымі падчас новай акцыі дзеля абароны Літаратурнага музею Максіма Багдановіча назіралі двое невядомых у цывільным. Адзін з іх назваўся карэспандэнтам недзяржаўнай газеты «Новы час». Каля набярэжнай Свіслачы стаяў мікрааўтобус з танаваным шклом.



Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч і бард Андрэй Мельнікаў каля музею выканалі пад гітару песні на вершы паэта.

На пытанне, чаму падтрымаць музей прыйшло гэтак мала людзей, Хадановіч заявіў: «Кожны адказвае сам за сябе і свае ўчынкі».

Напярэдадні каля музею адбылася акцыя «Чытачы Багдановіча абараняюць музей Максіма, чытаючы вершы». У сустрэчы ўзялі ўдзел пісьменнік Уладзімір Арлоў, мастак Алесь Марачкін, перакладчык Лявон Баршчэўскі, прадстаўнікі медыяў і чальцы грамадска-палітычных арганізацыяў. Акцыя прыцягнула ўвагу праваахоўных органаў, аднак нікога не затрымалі.

Сёлета Міністэрства культуры пастанавіла рэарганізаваць музей Багдановіча ў Менску шляхам пераводу яго ў статус філіялу Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры разам са значным скарачэннем штату працаўнікоў. Рашэнне набудзе моц пасля ўзгаднення ва ўрадзе. Плануецца, што рэарганізацыя адбудзецца да 31 снежня. Прадстаўнікі культуры мяркуюць, што за гэтым можа стаяць жаданне пэўных асобаў забраць унікальны будынак, у якім размяшчаецца музей.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў