У Беларусі прысудзілі яшчэ адзін смяротны вырак


Менскі абласны суд прыгаварыў да найвышэйшай меры пакарання нарадзінца Масквы, грамадзяніна Беларусі Эдуарда Лыкава.

Першымі пра вынясенне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі паведамілі 17 снежня праваабаронцы. «Асуджаны – 53-гадовы грамадзянін Расеі Эдуард Лыкаў, якому інкрымінуюць пяць эпізодаў забойства ў стане алкагольнага ап’янення», – паведаміў сайт «spring96.org». Паводле звестак праваабаронцаў, пад следствам Лыкаў быў з 2011 года, за гэты час у яго змяніліся тры адвакаты. «Пра яго вядома, што ён не меў сталага месца жыхарства, падтрымлівае кантакты з маці, якая жыве ў Баранавічах. Ягоны сын жыве ў Расеі, дачка – у Нямеччыне, але з дзецьмі асуджаны сувязі не трымае», – гаворыцца ў паведамленні.

У Вярхоўным судзе Беларусі ўдакладнілі, што Эдуард Лыкаў мае беларускае грамадзянства. Яго прызналі вінаватым адразу паводле некалькіх пунктаў часткі 2 артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу, у тым ліку забойства «заведама малалетняга, састарэлага або асобы ў бездапаможным стане, учыненае з асабліваю жорсткасцю», а таксама ў крадзяжы.

Абвінавачаны падаў касацыйную скаргу на прысуд. Праз Менскі абласны суд яе накіруюць у Вярхоўны суд.

Смяротны прысуд Менскага абласнога суда – чацвёрты сёлета.



Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне, а таксама адзіная еўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы. Асноўная перашкода для ўваходжання – наяўнасць смяротнага пакарання.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў