Спявачка Руслана: Беларусы, бярыце ўладу ў свае рукі ды глядзіце «Белсат»


Вядомая ўкраінская артыстка і пераможца «Еўрабачання» ў 2004 годзе Руслана Лыжычка, якая сталася жывою легендаю кіеўскага Еўрамайдану, звярнулася праз «Белсат» да беларусаў.

Украінцы выйшлі на Майдан, каб сябе абараніць, бо адчулі небяспеку з боку ўладаў, адзначыла спявачка. Беларусы ж, як і ўкраінцы, на думку Русланы, мусяць усвядоміць, што ў кожнай уладзе схаваная небяспека, якая ў пэўны момант можа ператварыць прэзідэнта, абаронца народу, – у злачынцу.

«Ідзе складаная палітычная гульня. Беларусь і Украіна мусяць разумець: мы з вамі увесь час удзельнічаем у палітычнай гульні. Нашымі ж краінамі хочуць маніпуляваць. Хачу звярнуцца да сваіх братоў у Беларусі ды сказаць: не дайце нікому зрабіць злачынства над Беларуссю: ні прадаць Беларусь, ні ёю маніпуляваць, ні «соўгаць» яе, як некаму хочацца. Бярыце ўладу ў свае рукі і кіруйце сваёй краінаю самі», – прамовіла Руслана.

{movie}Спявачка Руслана: Беларусы, бярыце ўладу ў свае рукі і глядзіце „Белсат” |right|13804{/movie}

Кожны народ мае сам кантраляваць справы ў сваёй краіне, мяркуе спявачка, бо палітыкі могуць стацца ахвярамі маніпуляцыі або згубіць сувязь з рэчаіснасцю: «Беларусы, калі адчуваеце ў сабе сілы, выходзьце і рабіце свае мітынгі, свае майданы, стварайце сваё жыццё, як вы хочаце. І не бойцеся, асабліва актывісты: усіх не знішчаць, усіх не пасадзяць».

Гарантыя ж поспеху, паводле спявачкі, – салідарнасць, калі на плошчу па-брацку і плячо ў плячо выходзяць натоўпы людзей. Майданы ў любой кропцы свету, у тым ліку ў Беларусі, як лічыць спявачка, здольныя прадухіліць злачынствы ўладаў.

«Белсат», вы робіце вялікую справу. Вы сумленныя, а гэта азначае, што ў вас будзе вялікая аўдыторыя. Людзі сёння хочуць ведаць праўду, і яны ідуць толькі да тых сродкаў масавай інфармацыі, якія ім гавораць праўду. Раз вы тут, на Майдане, значыць вы гаворыце праўду. Я заклікаю ўсіх глядзець «Белсат», бо яны вам раскажуць праўду. Слава вам! Слава Беларусі!»

Руслана сёння прабыла 5 гадзінаў на допыце ў Генеральнай пракуратуры Украіны ў справе збітых ўначы 30 лістапада студэнтаў. Спявачка заявіла, што ў яе «склалася ўражанне, што збітымі студэнтамі цікавіліся значна менш, чым тымі, хто і калі ставіў гукавое абсталяванне і ажыццяўляў ахову студэнтаў».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў