У Магілёве - «вячоркі»: традыцыйная нагода «паглядзець на дзевак»


Спатканне з дудою і з танцамі чарговы раз зладзілі сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў магілёўскай «Шчырай майстэрні».

Нагода – попраткі, ці супраткі – гэтак называлася вечарына, падчас якой прадстаўніцы прыгожай паловы вёсак збіраліся, каб разам ткаць і вышываць. Ладзілі яе акурат у гэты перыяд – час піліпаўскага посту.

«Для жанчын гэта была нагода сустрэцца, паразмаўляць – такая забава. А для дзяўчат гэта быў момант вельмі важны, бо на вячорках знаходзілі сабе пару. Дзяўчаты збіраліся ў пэўнай хаце, хлопцы пра гэта ведалі ды завітвалі да дзяўчат пад вечар. Там жа адбываліся «гледзіны»: глядзелі, як дзяўчаты робяць працу, якія ў іх строі. Жаніліся звычайна з хлапцамі з іншых вёсак, а вячоркі былі цудоўнаю нагодаю хлапцам з чужой вёскі прыйсці паглядзець на дзевак», – распавядае Ганна Мацкевіч са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Цяпер жа попраткі – нагода адпачыць і сустрэцца з сябрамі.

Для магілёўскіх аматараў народных традыцыяў гэта ўжо далёка не першая суботняя сустрэча – найбліжэйшым часам магілёўскія этнографы будуць рыхтавацца да Калядаў, што адсвяткуюць з песнямі ды Казою.

Іншыя тэмы: У Мсціславе ўсталявалі шыльду Івану Насовічу. Пайшоў з жыцця брытанскі актор Пітэр Оў’Тул. На сцэне тэатру «Бальшой» упершыню інсцэнізуюць «Дон Карласа» Джузэпэ Вэрдзі.

Мар’яна Чарняева, «Навіны культуры»

Стужка навінаў