Чым беларускае каханне адрозніваецца ад іншых?




Новы фільм Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага «Каханне па-беларуску».



На калядны вечар, 24 снежня, «Белсат» падрыхтаваў для вас падарунак. Новы дакументальны фільм Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага «Каханне па-беларуску». 20 месяцаў працы, сотні прачытаных лістоў і лёс дваіх маладых людзей.

«Каханне па-беларуску» для Насты Палажанкі ды Змітра Дашкевіча – гэта каханне праз турэмныя краты. Пасля пратэстаў у снежні 2010 г. іх пасадзілі ў турмы. Наста пасля адседкі ў следчым ізалятары КДБ атрымала 1 год умоўна, а Змітра кінулі за краты на 2 гады. У турме Наста і Зміцер пабраліся шлюбам, і Наста змяніла прозвішча на Дашкевіч. У жніўні 2013 г. хлопец выйшаў на волю. Праз краты маладзёны напісалі адно да аднаго тысячы лістоў, якія распавядуць нам, што адчуваюць беларусы, якія пакахалі ў часе дыктатуры.

{movie}«Каханне па-беларуску» (Трэйлер)|right|13787{/movie}

Што такое «каханне па-беларуску»?



«Тое, што мы назіраем пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, сведчыць: не нашая прыдумка надаваць прыгожым словам «каханне па-беларуску» драматычны сэнс. У турмы кінулі Андрэя Саннікава і Ірыну Халіп. Зміцер і Наста Дашкевічы, Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч пабраліся за кратамі. Напярэдадні арыштаў адбыліся вяселлі іншых дэмакратычных актывістаў. Сотні жанчын чакалі сваіх мужоў і каханых ля муроў турмаў на Акрэсціна, Валадарскага – па ўсёй краіне. Плакалі на судах, выпрошвалі магчымасць зрабіць перадачу ў засценкі, дзе голадам і холадам мораць бязвінных людзей. Увогуле цягам апошніх дваццаці гадоў каханне шмат якіх сумленных людзей у Беларусі гартуецца цяжкімі выпрабаваннямі: галадоўкамі, турмамі, шантажом, рознымі спосабамі ціску сілавых структураў, – апавядае Андрэй Куціла і дадае: – Такім чынам, «каханне па-беларуску» набывае два асноўныя сэнсы: з аднаго боку, гэта шчырасць, адданасць каханых адзін адному і (як бы пафасна ні гучала) беларускім нацыянальным каштоўнасцям, з іншага боку – гэта штодзённая рызыка быць гвалтоўным чынам разлучанымі, няўпэўненасць у будучыні».

Чаму Наста і Зміцер Дашкевічы?



Нягледзячы на багаты выбар гісторыяў кахання праз краты, галоўныя героі фільму – маладафронтаўцы Наста і Зміцер Дашкевічы. «Перадусім мы абралі гэтую пару з прычыны іхнага ўзросту. Насце ў самым пачатку гэтай гісторыі было ўсяго 20 гадоў. Нам падаецца, яна ўвогуле стала сімвалам моладзевага супраціву і маральнай чысціні. Мы ж ведаем, што шмат хто з дарослых, гэтак бы мовіць, рэвалюцыянераў не вытрымаў выпрабаванняў, гвалту, катаванняў. А тут маладая дзяўчына і сама прайшла праз турму КДБ, і ўзваліла на свае плечы адказнасць за лёс каханага чалавека, і за сваю будучыню з ім, за ягоную сям’ю, і нават замяніла яго як лідара «Маладога фронту». І мы расказваем у фільме, праз што прайшлі двое беларускіх маладых герояў цягам гэтых трох гадоў: здзекі ў турмах, этапы, смерць маці Змітра, хваробы абодвух бацькаў, скрадзены спецслужбамі пашпарт Змітра, каб пара не пабралася, адмовы ў перадачах у турму».

Без пафасу і лозунгаў, або небанальна пра каханне

«Небанальна – гэта калі праўдзіва. І з гледзішча псіхалогіі герояў, і з гледзішча сацыяльнага і палітычнага кантэксту, без пафасу і лозунгаў. У фільме няма ніводнага выдуманага слова, ніякіх нашых пазакадравых тэкстаў ці каментароў, – апавядае пра фільм Вячаслаў Ракіцкі. – Мы расказваем гісторыю драматычнага кахання, якое ўсё ж перамагае зло, праз лісты герояў. У словах, якія гучаць, – праўда і эмоцыі тых імгненняў, у якія яны пісаліся. У інтанацыях жа – асэнсаванне таго, што адбылося, бо ў фільме героі вяртаюцца да лістоў, перачытваюць іх праз хай і невялікую, але ўсё ж часавую адлегласць. Важна нам было паказаць і тое, што герояў не пакінулі паплечнікі, сябры. Падтрыманне сумленных людзей дапамагло ім перамагчы муры і краты дыктатуры».

«Мы прачыталі больш за тысячу лістоў»

«Калі адлічваць пачатак фільму з першых здымак, то праца доўжылася 20 месяцаў. Зразумела, з вялікімі перапынкамі. Бо тэма патрабуе працягласці назірання за гераіняй у чаканні вызвалення Змітра. Нягледзячы на немагчымасць адкрыта здымаць у турмах і нават каля іх, тым ня менш, нам удалося зняць шмат. Але з гэтага «шмат» мы мусілі жорстка вылучыць літаральна каля 5–7 сцэнаў, якія б дакладна адлюстравалі жыццё Насты цягам апошніх 2 гадоў. Доўга думалі і пра форму фільму: як паказаць жыццё і пачуцці чалавека, калі фізічна ягоная прысутнасць да пэўнага моманту немагчымая. Таму ліставанне стала асноўным структурным элементам у нашым кіно. Нам давялося перачытаць больш за тысячу лістоў, каб выбраць з іх неабходныя кавалкі. Ведаеце, пагружацца ў прыватнае жыццё людзей – рэч не надта лёгкая. Яшчэ больш складана кагосьці туды дапусціць. Таму мы вельмі, вельмі ўдзячныя Змітру і Насце за дапамогу і ўвогуле згоду ўзяць удзел у здымках. І ў гэтым таксама іхная мужнасць», – прызнаецца Андрэй Куціла.

Прэм’ера дакументальнага фільму Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы на нашым канале – у калядны вечар, 24 снежня. Фільм можна будзе паглядзець на нашай старонцы падчас онлайн-трансляцыі. А затым – у фільматэцы каналу.

belsat.eu

Стужка навінаў