60 туркменаў і 8 беларусаў. Ці бойка была насамрэч?


Міліцыя пакуль не каментуе інфармацыі пра канфлікт у Баранавічах мясцовай моладзі са студэнтамі-туркменамі.



У інтэрнэце распаўсюджваецца інфармацыя, што 13 снежня студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту ўчынілі бойку. «60 туркменаў напалі на 8 беларусаў. Палкамі аднаму галаву праламалі і зламалі ногі», напісана ў адным з паведамленняў карыстальніка «Twitter’у» @a_lithium.

З неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што бойкі не было, бо яе перадухілілі міліцыянты. Прычынай канфлікту стала ліставанне ў сацыяльных сетках жыхаркі Баранавічаў з грамадзянінам Туркменістану, які вучыцца ў БарДУ. Маладому беларусу, які заляцаўся да дзяўчыны, гэткае не спадабалася, і ён стаў збіраць праз сацыяльныя сеткі моладзь гораду для «разборак» з туркменамі.

Афіцыйны каментар рыхтуецца Баранавіцкім ГАУС і будзе размешчаны на сайце УУС, паведамілі ў аддзяленні інфармацыі ды грамадскіх сувязяў УУС Берасцейскага аблвыканкаму.

5 лістапада падчас перамоваў з прэзідэнтам Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедавым у Ашхабадзе Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць у Беларусі «туркменскі астравок» з інтэрнатамі або гатэлямі для студэнтаў з Туркменістану.

Лукашэнка падзякаваў Бердымухамедаву за высокую ацэнку адукацыйных паслуг Беларусі. Цяпер у Беларусі навучаюцца больш за 8 тысячаў туркменскіх студэнтаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў