За ланцуг і чырвоную фарбу – адправілі ў псіхлякарню


За адзіночны перформанс берасцейскага актывіста БХД Алеся Чаркашына адправілі ў псіхіятрычны стацыянар. Гэта можа быць правакацыя з боку КДБ, мяркуе сябра перформера Зміцер Шурхай.

На прыступках берасцейскага аблвыканкаму актывіст аргкамітэту стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Алесь Чаркашын правёў адзіночны перформанс. Маладзён абліў свае рукі чырвонаю фарбаю і звязаў металічным ланцугом. {movie}Перфоманс ля аблвыканкаму ў Берасці |right|13783{/movie}

У сваёй прамове Алесь звярнуўся да ўсіх беларусаў, улады і Бога: «Беларусь чакае разруха, беспрацоўе, канфлікты краіны на міжнароднай арэне, незадаволенасць, голад. Будзе пралітая беларуская кроў, месцаў у турмах ужо не будзе, і гэта здарыцца, калі кожны беларус не пакаецца ў сваім сэрцы перад Богам».

Акцыя доўжылася 10 хвілінаў, пазней каля консульства Расеі міліцыянты затрымалі Чаркашына і адвезлі ў Ленінскі РАУС, адкуль перакіравалі ў псіханеўралагічны дыспансер (псіхіятрычны стацыянар ДУ «Брэсцкі абласны псіханеўралагічны дыспансер»).

Як паведаміў Алесеў сябар Зміцер Шурхай, агляд Чаркашына можа доўжыцца некалькі дзён, а ўжо пасля гэтага складуць пратакол.

«Я лічу, што гэта нейкая правакацыя з боку КДБ, каб дыскрэдытаваць Алеся. Я ведаю яго як цалкам адэкватнага чалавека. Гэтая акцыя проста трохі нетыповая, усё ж такі гэта перформанс, пераўвасабленне ў мастацкі вобраз, але гэта не падстава для агляду ў псіханеўралагічным дыспансеры», – зазначае Шурхай.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў