Голас з Украіны: «Януковіч – злодзей і вар’ят»


Уплывовы ўкраінскі публіцыст, рэдактар парталу «Історична правда» Вахтанг Кіпіяні ставіць дыягназ Януковічу і тлумачыць, чаму ўкраінцы хочуць «майдануць» прэзідэнта.



Юрась Высоцкі: Што аб’яднала людзей, якія стаяць на Майдане? Хто яны?



Вахтанг Кіпіяні: Украінцы – складаная нацыя. Ёсць шмат рэчаў, якія нас дзеляць. На жаль, ёсць палітыкі, якія хочуць расцягнуць народ па розных кутах, ціснуць на эмацыянальныя мазалі. Напрыклад, пытанне расейскае мовы, хоць рэальна ёй нічога ва Украіне не пагражае. І вось Майдан – гэта антытэзіс, проціяддзе ад палітыкі расколу нацыі. На Майдане стаяць людзі, якія размаўляюць на розных мовах, ёсць прадстаўнікамі розных палітычных плыняў – ад лібералаў да анархістаў, належаць да розных канфесіяў. Украіна – шматканфесійная: у нас тры праваслаўныя царквы, дзве каталіцкія, не кажучы пра стараабрадцаў і сотні пратэстанцкіх намінацыяў. На плошчы стаяць і працаўнікі, і іхныя працадаўцы. Людзі, якія рэпрэзентоўваюць і вялікі, і сярэдні, і малы бізнес. Усе яны патрабуюць празрыстых правілаў гульні, нармальных заробкаў, якія не выдаюцца ў канвертах.

Ю.В.: Я бачыў, як прадпрымальнікі са Львова прывезлі з паўтоны сала на Майдан. Чаму бізнес падтрымлівае гэты пратэст?



В.К.: Яны хочуць нармальнае падатковае заканадаўства, якое дазволіць плаціць заробак афіцыйна. Сённяшняя палітыка змушае 90 % прыватнага сектару хаваць рэальны памер заробкаў і ператварае бізнесоўцаў у злачынцаў. Бізнес хавае заробкі, а значыць, і падаткі. У выніку бюджэт пусты. Замест рэформаў улады «душаць» тых, хто не сыходзіць у цень. З іх выціскаюць апошнія сокі. Па вялікім рахунку, гэты Майдан – за здаровы сэнс.

Ю.В.: Майданаўцы патрабуюць адставак чыноўнікаў розных узроўняў. На вашую думку, гэта прынясе рэальныя змены ў палітычную сістэму Украіны?

В.К.: Украінскія ўлады не маюць ніякіх каштоўнасцяў. Януковічу трэба неабмежаваная ўлада і шмат грошай. У яго няма жадання ўвайсці ў гісторыю Украіны ў якасці палітыка, які прынёс свайму народу нешта карыснае. У нас ёсць палітыкі, у якіх такое жаданне ёсць, праўда, яны ніяк не ўплываюць на лёс краіны. Галоўнае, што цяпер трэба Украіне, дык гэта замяніць палітыкаў без каштоўнасцяў на палітыкаў з каштоўнасцямі. Самае галоўнае – каб гэтыя каштоўнасці не дзялілі грамадства. Тут на Майдане радыкальныя нацыяналістычныя палітыкі паводзяць сябе, як кажуць у нас ва Украіне, «лагідно», вельмі добразычліва. Яны падкрэсліваюць, што мы адзіны народ, хоць, насамрэч, рабіць гэта вельмі цяжка. Мы прызвычаіліся жыць у чорна-белай сістэме каардынатаў. А вось на такіх Майданах ствараецца нацыя, якая аб’ядноўваецца «за», а не «супраць». Калі б мы хацелі раздзяліцца, то тут адразу ўзніклі б тысячы майданаў. Вельмі лёгка сказаць: католікі асобна, праваслаўныя ідуць налева, а Галічына ўвогуле сама па сабе.

Ю.В.: Калегі-журналісты кажуць, што на Майдане – палова Львова. У горадзе няма людзей. Ці праўда, што ўкраінскую еўрарэвалюцыю робіць Заходняя Украіна?

В.К.: Ну, не ўсе тут з Заходняй Украіны. Але актыўны клас, крэатыўны клас, студэнты, прадпрымальнікі – яны тут. Тут першая лінія абароны іхных грамадзянскіх і палітычных правоў і прафесійных інтарэсаў. Паверце мне, калі б не Кіеў і кіеўцы, то гэты Майдан і не сабраўся б. Няма ніякіх праблемаў прывезці 50 тысяч асобаў з Заходняе Украіны. Але ў такім разе сталіца будзе па-за гэтым працэсам. Урэшце першымі на плошчу выйшлі кіеўскія студэнты. Яшчэ некалькі месяцаў таму на апазіцыйныя мітынгі выходзілі па 100 чалавек. Людзей нічога не кранала.

Ю.В.: А цяпер украінцаў заставілі ні з чым і еўрапейскія спадзяванні ператварыліся ў адзін вялікі «аблом»?

В.К.: Так. Ідэя Еўропы і была менавіта ў падмурку гэтага пратэсту. Ідэя далучэння да нармальнай, прававой, грамадзянскай, цывілізаванай прасторы аб’яднала больш людзей, чымся якая-небудзь палітычная платформа. Прасцей кажучы, Еўропа – гэта ўсё добрае супраць усяго дрэннага.



Ю.В.: Але ў Еўропе таксама нясоладка жывецца. Еўрамайдан – гэта рацыянальны выбар ці ідэалізм?

В.К.: Зразумела, што ў Еўропе шмат розных праблемаў. Але мы разумеем, што ў параўнанні з нашымі праблемамі еўрапейскія клопаты – «дзіцячы садок». Калі я размаўляю з калегамі з Еўропы і яны прыводзяць мне прыклады карупцыі, я проста рагачу. У нас міністр энергетыкі – герой Украіны – крадзе $ 200 млн, набываючы ў неіснуючай латвійскай кампаніі нафтавыя вышкі. І пры гэтым ён застаецца пры ўладзе. І ўсе пра гэта ведаюць. Абсалютна ўсе. У Еўропе такога чыноўніка проста парвалі б на кавалкі. А ў нас ён герой Украіны.

Ю.В.: Еўразвяз ігнаруе просьбы Януковіча дапамагчы з грашыма. У Вільні падчас саміту ён жаліўся Ангеле Мэркель, што ва Украіне цяжкае становішча.



В.К.: І слушна робіць, што не дае. Януковіч і Азараў – злодзеі. Самыя натуральныя злодзеі, а злодзеям грошай не даюць. Тое, што Януковіч там просіць € 160 млрд, каб палегчыць працэс збліжэння Украіны з ЕЗ – гэта ўсё лухта. Ім нельга даваць грошы. Грошы можна даваць толькі ўраду, да якога ёсць давер грамадства. І Азараў, і Януковіч ужо нацягнулі на сябе «ярлыкі падбрушша» Пуціна. Яны «пракалоліся». Ім не давяраюць. Яны няздольныя заключаць дамовы як унутры краіны, гэтак і па-за яе межамі. Бо яны проста непрафесійныя бяздарнасці. Іхныя галоўныя матывы – трымацца за свае крэслы, накрасці грошай і працягнуць час свайго валадарання.

Ю.В.: Што прынясе Еўропа ўкраінскаму бізнесу?

В.К.: Агромністыя рынкі збыту. І калі цяпер цукеркі «Roshen» (кампанія належыць алігарху Пятру Парашэнку) прадаюцца, умоўна кажучы, толькі ў Расеі, то пры ўмове, што будзе зроблена шмат працы, яны трапяць і на еўрапейскі рынак. Цукеркі, дарэчы, высокай якасці, і іх будуць набываць і ў ЕЗ.

Ю.В.: Украінская апазіцыя выглядае даволі слаба за сталом перамоваў. Чаму гэтак?

В.К.: Галоўная мэта Януковіча – каб нічога не змянялася. З такім перамоўнікам вельмі цяжка размаўляць. Апазіцыя не цісне на яго, не патрабуе ад яго адстаўкі, бо Януковіч зараз адзіны дырыжор улады. Калі патрабаваць ягонага арышту, а такія патрабаванні гучаць тут на Майдане, то ён проста выйдзе, скончыць перамовы і ў яго проста «знясе дах», што мы ўжо бачылі 11 снежня, калі спрабавалі зачысціць Майдан. Нагадаю, што тады ў Кіеве былі прадстаўнікі ЕЗ. Цяпер улады паказваюць толькі мускулы, яны яшчэ нават і не спрабавалі біцца.

Ю.В.: Кажуць, што Януковіч паводзіць сябе як параноік, што ён ізаляваўся нават ад сваіх дарадцаў.

В.К.: Тое, што ён звар’яцеў, – гэта факт. Я гэта кажу не як медык, а як грамадзянін. Тое, што ён робіць, – шаленства. Ён паводзіцца гэтак, нібыта не збіраецца тут жыць. Ён столькі ўжо накраў… І баіцца не таго, што ўсё гэта можна згубіць. Ён баіцца за гэта сесці ў турму.

Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў