Інтэрнаўты збіраюць подпісы супраць «аўтапабору»


У інтэрнэце набірае абароты збор подпісаў супраць увядзення ў Беларусі дзяржпадатку за выдачу дазволу на допуск транспартавага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Падатак устанаўліваюць праектам закону, які разглядаюць цяпер у парламенце. Мяркуюць, што яе будуць спаганяць ужо з 1 студзеня 2014 года адначасова з праходжаннем тэхагляду.

На пляцоўцы «Change.org», паводле звестак на вечар 15 снежня, супраць увядзення дзяржпадатку выказаліся амаль 30 тысячаў чалавек. Подпісы ставяцца пад лістом міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу. У пасланні гаворыцца: «У сувязі з тым, што ў акцыз кошту паліва ўжо закладзеная сума адлічэнняў на рамонт дарог, лічым увядзенне новага падатку немэтазгодным. Гэты законапраект не ўлічвае таго факту, што некаторыя аўтамабілісты выкарыстоўваюць транспарт у рэдкіх, выключных выпадках, ураўноўваючы іх з тымі, хто выкарыстоўвае аўтатранспарт пастаянна, а таксама ў камерцыйных мэтах. Таксама гэты законапраект не ўлічвае той факт, што пры куплі аўтатранспарту, пры праходжанні ТА, давядзецца зноў плаціць падатак, нягледзячы на тое, што папярэдні ўладальнік яе ўжо сплаціў».

Дзяржаўны падатак за выдачу дазволу на допуск транспартавага сродку да ўдзелу ў дарожным руху для большасці беларусаў можа скласці ад 3 да 10 базавых велічыняў (адная базавая велічыня цяпер складае Br 130 тыс.). Памер дзяржпадатку будзе залежаць ад дазволенай максімальнай масы транспартавага сродку, а таксама ад таго, хто ёсць уладальнікам.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў