Найлепшае на «Белсаце»! Абвесцілі пераможцаў (+ фотарэпартаж)


У дзень святкавання 6-годдзя нашага каналу абвесцілі пераможцаў «Узнагароды “Белсату”–2013». Журы давялося выбіраць з тысячаў журналісцкіх матэрыялаў, а таксама рэпартажаў і дакументальных фільмаў.

Святлана КалінкінаСвятлана КалінкінаЗ новага сезону да каманды «Белсату» далучылася Святлана Калінкіна. Шэф-рэдактарка «Народнай Волі», вядомая журналістка, суаўтарка праграмы «Размова дня». За гэты час Святлана Калінкіна стала адной з самых папулярных вядоўцаў на «Белсаце». Журы абвясціла яе пераможцаю ў намінацыі «Асоба году–2013».

Найлепшым фільмам на «Белсаце» у 2013 годзе прызналі стужку Антона Цялежнікава «Праклятыя і забытыя». Гэта фільм – пра беларускіх жаўнераў, якія прайшлі рыхтаванне ў нямецкай дыверсійнай школе «Дальвіц». Падчас Другое сусветнае вайны паміж супрацаю з савецкімі ўладамі ды нацыстамі яны выбралі, на іхную думку, меншае зло. Стужка багатая на ўспаміны ўдзельнікаў падзеяў, унікальныя, ніколі раней не дэманстраваныя дакументы з літоўскіх і польскіх архіваў.

Алесь Залеўскі і Міхась ЯнчукАлесь Залеўскі і Міхась ЯнчукУ намінацыі «Рэпартаж года–2013» найлепшым прызналі рэпартаж Алеся Залеўскага «Чаму ў Цёмным лесе няпоўныя сем’і?». У Беларусі кожнае пятае дзіцё нараджаецца па-за шлюбам, пры гэтым на Магілёўшчыне кожнае другое выхоўваецца ў няпоўнай сям’і. Наш журналіст паспрабаваў высветліць, чаму інстытут сям’і ў нашай краіне – у заняпадзе.

«Рэпарцёрскім матэрыялам года–2013» прызналі рэпартаж Вікторыі Колчынай «Мільянер са страчанаю гаспадаркаю». Гэта гісторыя Валянціна Грыцука, у 1990-х – аднаго з самых паспяховых прадпрымальнікаў, што «з нуля» пачаў будаваць свой бізнес. З лапіка зямлі ягоная гаспадарка вырасла да адной з найбуйнейшых, а галоўнае – паспяховых у краіне. Але цяпер гаспадар ужо прыблізна 10 гадоў жыве ў халупе побач з уласным недабудаваным 6-павярховым домам. Як гэтак магло здарыцца – глядзіце ў рэпартажы Вікторыі Колчынай.

Любоў Лунёву, Сяргея Краўчука і Вольгу Старасціну ўзнагародзілі ў намінацыі «Інфармацыйны матэрыял года–2013» за матэрыял-расследаванне пра тое, як Менск рыхтуецца да травеньскага чэмпіянату свету па хакеі. У прыватнасці – як міліцыянты пазбаўляюцца ад бамжоў. Матэрыял «Зачысткі непажаданых менчукоў» выйшаў у эфіры праграмы «Аб’ектыў» 23 лістапада.

Аўтарка belsat.eu Марына МаўчанаваАўтарка belsat.eu Марына МаўчанаваАўтарку «Belsat.eu» Марыну Маўчанаву ўзнагародзілі за матэрыял «5 гадоў за злачынства, якога не было». Гэта гісторыя 26-гадовага гарадзенца Аляксандра Жарліцына, які правёў за кратамі амаль пяць гадоў за злачынства, якога не ўчыняў. Аляксандра асудзілі ў 2007 годзе на 8 гадоў пазбаўлення волі за незаконнае захоўванне і продаж наркотыкаў. Як даказала пазней следства, справу цалкам сфальсіфікаваў старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю Гарадзенскай транспартнай міліцыі Аляксандр Траўкоў. Акрамя Жарліцына, Траўкоў пасадзіў тады яшчэ трох маладзёнаў. Пасля чаго з капітана зрабіўся маёрам. Гэтую публікацыю прызналі найлепшаю ў намінацыі «Інтэрнэт-матэрыял года–2013».

У намінацыі «Выбар інтэрнаўтаў–2013» адзначылі матэрыял Змітра Ягорава «Пацалункі для Лукашэнкі» пра таямнічую бландзінку, якая суправаджала Аляксандра Лукашэнку падчас ягонага афіцыйнага візіту ў Ерэван. Кіраўнік Беларусі нават адправіў свайго малодшага сына Колю ў іншую машыну, а сам сеў у лімузін з жанчынаю. На відэа бачна, як у машыне жанчына нахіляецца да Лукашэнкі і, магчыма, цалуе яго. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, хто суправаджаў кіраўніка дзяржавы, няма.

«Узнагароды “Белсату”–2013» ўручалі ва ўрачыстай атмасферы ў Менску 14 снежня.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu
Фота Насты Смірновай

Глядзі таксама
Каментары