«Grodno Fashion Show»: ад універмагу да Джона Гальяна


Мадэлі на подыуме ў Горадні дэманстравалі сусветна вядомыя брэнды, працы маладых дызайнераў і прадукцыю беларускіх швейных прадпрыемстваў.

Фестываль моды прайшоў у Горадні ў межах культурна-гістарычнага праекту «Жывая гісторыя». З 20 аўтарскіх калекцыяў прэзентавалі маладыя гарадзенскія дызайнеры. Не засталіся ў баку і беларускія швейныя прадпрыемствы, крамы ды салоны моднага адзення і аксесуараў, якія паказалі свой асартымент.

Дэманстравалі строі 200 мадэляў – юнакі, дзяўчаты і шмат дзяцей. Сярод гледачоў прысутнічалі мадэльеры з Польшчы ды Літвы. Прадзюсарам фестывалю моды выступіў Ігар Ляговіч, які пачынаў ладзіць конкурсы прыгажосці ў Горадні яшчэ ў 1980-х гадах.

«Мы прыслухаліся да пажаданняў мадэляў, прадпрыемстваў, гледачоў пасля папярэдняга шоу і перайшлі на больш маштабны ўзровень. Важна, што ўсталявалі подыум. Адметна і тое, што мы зрабілі большы акцэнт на маладых дызайнерах, а не на прадпрыемствах з больш «савецкім ухілам», – распавёў кіраўнік праекту «Жывая гісторыя» ў Гарадзенскай вобласці і арганізатар «Grodno Fashion Show» Сяргей Іваноў.

У Горадні пакуль няма адмысловае пляцоўкі для модных паказаў. Таму да гэтае нагоды прыстасавалі залу Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту, дзе раней праходзілі паказы ў межах сумна вядомага «Млына моды». Гэтым разам подыум даўжынёю 22 метры месціўся непасрэдна ў зале гледачоў. Дзеля гэтага давялося дэмантаваць некалькі шэрагаў крэслаў і зменшыць колькасць месцаў. Дзякуючы праекцыйнаму экрану, усё, што адбывалася на подыуме, было добра відно з любога кутка залы. Прамую трансляцыю вяло мясцовае тэлебачанне пры дапамозе васьмі відэакамераў. Атмасферу родам з шоу высокай моды стваралі пры дапамозе спецэфектаў ды прафесійных ліхтароў.

Паказы адбываліся ў дзвюх частках: удзень і ўвечары. У перапынку дызайнеры таксама дзівілі наведнікаў сваймі дасягненнямі. У суседнім з залаю памяшканні выставілі стэнды з эксклюзіўнымі аўтарскімі калекцыямі маладых дызайнераў, высакаякасным асартыментам вопраткі прэт-а-партэ ды разнастайнымі аксесуарамі вядомых брэндаў – акулярамі, пальчаткамі, торбамі, валізкамі. Прычым на ўсё гэта можна было не толькі паглядзець, але і набыць. Свае прома-акцыі поруч з выставаю зладзілі касметычныя кампаніі.

Цікавосткай вечару быў малады харэограф Яўген Якуш. Ён стаў вядомы гарадзенцам усяго некалькі месяцаў таму, але за гэты час паспеў паўстаць перад імі ў розных вобразах і зладзіць некалькі шоу. Гэтым разам Яўген увасабляў у танцах вобраз знакамітага мадэльера Джона Гальяна. Гэтак харэограф імкнуўся павіншаваць знакамітасць, блізкую яму эпатажнасцю, з днём нараджэння. Гэта не першая славутасць, якую прадстаўляе спадар Якуш. Нядаўна ён трапіў на старонку Бі-Бі-Сі пасля пераўвасаблення ў Нэлсана Мандэлу.

Нагадаем, што тыдзень моды «Grodno Fashion Week» упершыню ладзіўся летась у сакавіку. Ён складаўся з выставы выяваў модных строяў у вітрынах універмагу, лекцыі па гісторыі моды Гарадзеншчыны, а скончыўся шоу моды.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў