Еўрамайдан ператварыўся ў казацкую сеч


Шасціметровыя барыкады, агромністыя казаны з ежаю, буржуйкі з бочак, казацкія нарады і кавалак адваяванай у Януковіча свабоды. За падзеямі на востраве казацкай вольнасці ў Кіеве сочыць наш карэспандэнт Юрась Высоцкі.

Барыкады Майдану сталі модным месцам для фотаздымкаў

Кіеўскі Майдан ператварыўся ў сапраўдную казацкую сеч. Галоўная плошча ўкраінскай сталіцы абрасла сценамі барыкадаў. Самыя ўражвальныя на вуліцы Хрэшчатык сягаюць 6 метраў. На фоне мяшкоў са снегам, перамешаных са старымі жалезнымі платамі, калючым дротам і аўтамабільнымі пакрышкамі ўвесь час фатаграфуюцца людзі.

Ля барыкадаў стаіць «казацкі спецназ». Хлопцы ў касках, мужыкі, якім ужо далёка за 50, нешматлікія дзяўчаты, яны тут для падтрымання баявога духу. Гэтыя сцены ўзвялі, каб абараніць жыхароў вострава свабоды ад іншага спецназу, таго, што жыве на сродкі ўкраінскіх грамадзянаў. За тры з хвосцікам тыдні пратэстаў у Кіеве, украінскае МУС двойчы спрабавала разагнаць непакорных казакоў. Першы раз пралілася кроў. У другі раз абышлося без асаблівых ахвяраў.

А пачалося ўсё з адмовы ўраду падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам. Неапраўданыя чаканні, рэзкі разварот у бок Расеі, збіццё студэнтаў, хамскія паводзіны ўкраінскіх уладаў, патавая эканамічная сітуацыя, мізэрныя заробкі, калі коратка, то гэта спіс асноўных прычынаў, якія трымаюць людзей у гэтыя халодныя дні на Майдане, які ўжо наскрозь прапах дымам. Ля намётаў тых, хто прыехаў з рэгіёнаў, копцяць буржуйкі ды бочкі з брыкетам з пілавіння.

Вера мацнейшая за розум…

Падыходжу да аднаго з намётаў. Ля палаючай бочкі сядзяць мужыкі сталага веку. На Майдане яны амаль з першых дзён. Прыехалі з Заходняй Украіны – хто з Чарнаўцоў, хто са Львова. Сяджу. Грэюся. Палю. Адзін з іх запытваецца: «Адкуль ты, хлапец?». Кажу, з Беларусі. Усе ажыўляюцца. Пачынаюць абмяркоўваць «бацьку», які ён нягоднік і бязбожнік. А я тлумачу ім, што таксама з богам у канфліктных адносінах. Усе засмяяліся. А адзін з іх паглядзеў на мяне, адсканаваў і кажа: «Без веры, сынку, мы б даўно ўжо здаліся». Я спрачацца не стаў і пайшоў у логава апазіцыі, што месціцца ў Доме прафсаюзаў. Некалькі кардонаў бяспекі і вось другі паверх. Тут паўсюль унутраная ахова. У прэс-цэнтры для журналістаў мітусня. Побач каардынацыйная рада – гэтак бы мовіць, аператыўна-аналітычны цэнтр Майдану.

Цяплом усмешак не сагрэешся

Увогуле самаарганізацыя тут на высокім узроўні. Трохі хаатычна, але гэта ж «рэвалюцыя». У кожнага ёсць свае функцыі. Хто дровы коле, хто гарбату налівае, а самым адказным далі ў рукі агромністыя чарпакі мяшаць грачаную кашу. Прадукты на Майдан набываюць на ахвяраванні бізнесоўцаў. Ёсць і тыя, хто сам прыносіць ежу з дому. Бяруць толькі крупы. Тутэйшыя кокі баяцца патравіць людзей. Ля Дому прафсаюзаў ляжыць гара цёплай вопраткі. Частка – гуртам набытае ў сэканд-хэндзе, частка – тое, што прынеслі кіеўцы, якія спачуваюць жыхарам Майдану. «Мой сын тут тры дні адстаяў і захварэў. Вось я і прынесла два швэдры», – распавядае мне Святлана з Кіева.

Людзей, якія спрабуюць сагрэцца саракаградуснай, няшмат. Унутрымайданаўскія законы казакі паважаюць. «Лепш супу з’есці. Ад алкаголю няма толку. Пяць хвілінаў грэе, а пасля яшчэ горш мерзнеш», – патлумачыў мне Віталь, валанцёр з Данецку. Між тым у майданаўскае меню ўваходзяць такія стравы, як: лусцяні з сасіскамі, сырам і, натуральна, з салам. З гарачых страваў мне сустрэлася капуста з мясам, грачаная каша, курыны булён, печаная бульба, сардэлькі.

Пра самае невыноснае на Майдане

«Чаканне – гэта самае невыноснае тут. Мы чакаем, што апазіцыя нешта зробіць, што Януковіч пойдзе ім насустрач. Пакуль замест круглага стала, у якім узялі ўдзел нашыя і Януковіч, застаўся мяккі, прабачце, стул», – дзеліцца са мною сваймі разважаннямі выкладчык Кіева-Магілянскай акадэміі Максім ля вулічнай сталоўкі.

У нешматлікім, што не дзіўна, натоўпе ля «Вольнага ўніверсітэту Майдану» – маленькая сцэна, з якой чытаюць лекцыі па геапалітыцы ды паліталогіі і шэрагу іншых навукаў, таксама чуваць словы крытыкі апазіцыі. «Слабакі! Каб такія справы развязваць, трэба мець яйцы!», – абураецца мужчына ў акулярах. «Януковіч під*рас..!», – крычаць з іншага боку, пакуль лектар распавядае пра тое, як збудаваны ЕЗ.

«Мы ж казакі. Нам свабода трэба», – тлумачыць мне свае патрабаванні добра апрануты мужчына. Пакуль Майдан марыць пра свабоду, зусім недалёка збіраецца праўладавы мітынг. Што цікава, праходзіць ён на Еўрапейскай плошчы. Большасць з тых, хто сёння тут апынуўся, учора цягнікамі даставілі з усходніх рэгіёнаў Украіны.

belsat.eu

Стужка навінаў