Голас народу. Як менчукі рыхтуюць мясцовы рэферэндум


Жыхары Першамайскага раёну сталіцы літасці ўладаў не чакаюць і развязваюць праблемы самастойна. Менчукі рыхтуюць мясцовы рэферэндум, на якім узнімуць праблемы ўшчыльнення тэрыторыі свайго раёну. Як кажуць актывісты, засталася толькі адна надзея: што ўлады ініцыятыву зарэгіструюць і не будуць замінаць.
{movie}Голас народу (13.12.2013)|right|13763{/movie}
Не бойся выказацца, калі сапраўды хочаш, каб цябе пачулі ды каб прыслухаліся да твайго меркавання. Жыхары Першамайскага раёну Менску рыхтуюць мясцовы рэферэндум, прысвечаны палітыцы гарадскіх уладаў дзеля ўшчыльнення цэнтральных раёнаў сталіцы.

ВІКТАР ЯНЧУРЭВІЧ, КІРАЎНІК ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ:
“Для таго, каб раён нармальна развіваўся, неабходна ўвесці абмежаванні на забудову зялёных зонаў і пашыраць тэрыторыю раёну. То бок далучаць да раёну новыя тэрыторыі і развіваць будаўніцтва, натуральна, на гэтых новых далучаных тэрыторыях”.

Супрацьстаянне мясцовых жыхароў з гарадскімі ўладамі ў розных мікрараёнах сталіцы трывае ўжо не першы год. Вынік, аднак, аднолькавы.

ГАННА МАЦІЕЎСКАЯ, СЯБРА ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ:
“Ідзеш па горадзе, па нашым раёне і бачыш, што дамы неяк будуюцца, што машыны на галовах адна ў адной стаяць, займаюцца зялёныя зоны. Паркінгі не прадугледжаныя. Дамы стаяць вялізныя – тут яшчэ дамы! Падземныя паркінгі не спяшаюцца займаць, бо яны дарагія. У выніку, зялёныя зоны забіваюцца, дзіцячыя пляцоўкі забіваюцца – і ўсё ператвараецца ў нейкі пастаялы двор!”.

Цяпер жа актывісты стварылі ініцыятыўную групу дзеля правядзення мясцовага рэферэндуму, абралі кіраўніцтва і сфармулявалі пытанні, якія і плануецца вынесці на народны плебісцыт. Наперадзе – рэгістрацыя ініцыятывы і збор прынамсі 20 тысяч подпісаў жыхароў Першамайскага раёну, як таго вымагае заканадаўства.

АЛЯКСАНДР ІОДА, СЯБРА ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ:
“Будзе прынятае дырэктыўнае рашэнне, нікога не спытаюць – ну, тады, напэўна, будзем развіваць іншы сцэнар – стаяць супраць бульдозераў нашым слабым, але ўсё-ткі нейкім ланцугом грамадзянаў, якія бароняць свае грамадзянскія правы”.

А таксама звяртацца ў суд, пракуратуру і нават міжнародныя інстанцыі.

МАРГАРЫТА ПАВІЛЬЧУК, СЯБРА ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ:
“Можа быць, у іншых рэгіёнах улада чуе народ. У Менску ўлада народ не чуе! Асабіста жыхары нашага кварталу напісалі больш за пяцьдзясят у розныя інстанцыі – адпіскі, аніводнага канкрэтнага адказу”.

Практыкі правядзення мясцовых рэферэндумаў у нашай краіне няма. Адзінкавая спроба жыхароў Горадні яшчэ ў 2007 годзе адстаяць з дапамогаю народнага плебісцыту гістарычны цэнтр скончылася паразай абаронцаў спадчыны гораду. Ці саспелі ўлады за шэсць гадоў да разумення таго, што не народ для ўраду, а ўрад для народу?

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/j2CpQNW4NR0

Глядзі таксама
Каментары