Круглы стол уладаў і апазіцыі на Украіне. Апазіцыя агучыла патрабаванні


Прэзідэнт Віктар Януковіч заявіў, што арыштаваных удзельнікаў Еўрамайдану варта амніставаць. Ужыванне сілы да пратэстоўцаў можа прывесці да грамадзянскай вайны, перасцерагаў патрыярх Філарэт.

Перамовы ўладаў і апазіцыі ва Украіне не дазволілі паказаць у наўпроставым эфіры, а падчас круглага стала выступалі таксама прадстаўнікі студэнцтва, украінскага ўраду і навуковай супольнасці. У перамовах узялі ўдзел, апроч прэзідэнта Віктара Януковіча, прэм’ер-міністр Мікалай Азараў, прадстаўнікі апазіцыі Віталь Клічко, Арсеній Яцэнюк і Алег Цягнібок, а таксама папярэднія ўкраінскія прэзідэнты Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка.

У разгоне вінаватая “тройка”

Віктар Януковіч заявіў, што да прыняцця рашэння аб сілавым разгоне ўдзельнікаў пратэстаў на Майдане незалежнасці у ноч на 30 лістапада беспасярэдне датычная «тройка асобаў», якая ў тую ноч была побач з Майданам», але не назваў імёнаў гэтых людзей.

«Я лічу, што яны павінны несці поўную адказнасць за тое, што там адбылося, і ў найбліжэйшы час мы скажам пра гэта публічна», – заявіў прэзідэнт. Януковіч адзначыў таксама, што выпадковых ўдзельнікаў «таго дзейства і 30- га, ды іншых дзён» мусяць амніставаць.

Януковіч прапанаваў увесці мараторый на сілавыя дзеі супраць пратэстоўцаў.

Чаго хоча апазіцыя?

Вызваленне і закрыццё крымінальных справаў у дачыненні ўсіх удзельнікаў акцыі пратэсту – адно з асноўных патрабаванняў украінскай апазіцыі. Сярод іншых патрабаванняў – пакаранне міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі ды астатніх праваахоўнікаў за ўжыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў, прызначэнне датэрміновых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

«Тыя, хто аддаваў незаконныя загады, і тыя, хто іх выконваў, мусяць панесці адказнасць. Каб уся краіна бачыла… Тыя людзі, якія незаконна арыштаваныя як актывісты Майдану, мусяць выйсці на свабоду», – заявіў лідар фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцэнюк. Апазіцыянер таксама перасцярог ўкраінскія ўлады супраць рэалізацыі сілавога сцэнару, які «напісаны не ва Украіне», і аўтары якога «імкнуцца паглынуць Украіну».

«Разгоніце адзін Майдан, з’явіцца іншы, пасадзіце адных лідараў апазіцыі, з’явяцца іншыя», – адзначыў Яцэнюк.

Патрыярх Філарэт за Еўразвяз

Каб Еўрамайдан разышоўся, мітынгоўцам патрэбная гарантыя таго, што Украіна падпіша Пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам, заўважыў прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт.

«Яшчэ адна небяспека – калі Украіна ўступіць у Мытны саюз, то збярэцца яшчэ больш людзей», – дадаў патрыярх.

Ён таксама папярэдзіў прысутных аб небяспецы ўжывання сілы да пратэстоўцаў, што можа прывесці да грамадзянскай вайны.

Наступны раўнд круглага стала з удзелам уладаў, апазіцыі ды грамадскасці мае адбыцца ў аўторак, праўда, без удзелу Віктара Януковіча, які паляціць у Расею на спатканне з Пуціным.

Падборка ОНЛАЙН-ТРАНСЛЯЦЫЯЎ з Кіева ТУТ.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Глядзі таксама
Каментары