Самы экалагічны горад – Масты?


Другое жыццё атрымае смецце ў мястэчку Масты Гарадзенскай вобласці. На прадпрыемстве Мастоўскай ЖКГ урачыста запусцілі станцыю сартавання адкідаў пры дапамозе супольнага праекту Еўрапейскага Звязу і Праграмы развіцця ААН.

Дзякуючы сартаванню і адмысловаму пераапрацоўванню смецця з, падавалася б, непатрэбнага шкла і пластыку зноў можна будзе выкарыстаць ажно 80 % сыравіны з рэцыклінгу. А каб спрасціць працэс, Мастам набылі новыя сметнікі, каб жыхары адразу выкідалі шкло, пластык т харчовае смеццн ў адмысловыя кантэйнеры. Таксама ў горадзе з’явіліся адмысловыя машыны для вывазу ўжо пасартаванага смецця, а для працы на палігонах, дзе адбываецца чарговы працэс сартавання, – адмысловыя бульдозеры.

Фота belsat.euФота belsat.euНа гэты праект Еўразвяз і Праграма развіцця ААН выдзелілі Беларусі цягам трох гадоў € 5 млн. Сёлета ў межах праекту правялі мадэрнізацыю станцыі сартавання адкідаў і набылі тэхніку для апрацоўвання смецця на агульную суму больш як $ 380 тыс.

«Летась мясцовым ЖКГ перадалі ў карыстанне больш за 150 еўракантэйнераў для паасобнага збору пластыку, паперы і шкла, больш за 900 кантэйнераў для арганічных адкідаў (харчовых, раслінных), смеццявозы для іх абслугоўвання і бульдозер. Каштавала гэта больш за $ 500 тыс.», – распавяла Белсату кіраўніца праекту Вольга Чаброўская.

Жыхары Мастоўскага раёну могуць дбаць пра экалогію, не толькі сартуючы ўласнае смецце, але і кампастуючы яго ў прыватнай гаспадарцы.

А атрыманы кампост можна скарыстаць ва ўласным агародзе, ашчаджаючы яшчэ і сродкі.

Але змены датычаць не толькі станцыі пераапрацоўвання смецця. У адной з мастоўскіх школаў можна было пазнаёміцца з праграмаю «Зялёныя школы», каб прыцягнуць увагу да пытанняў экалагічнай асветы. На меркаванне арганізатараў, экалагічныя веды будуць паступова распаўсюджвацца ад вучняў і настаўнікаў праз іхных бацькоў, родных да ўсяго грамадства.

«Зялёнымі» пакуль сталі 34 школы з Мастоўскага, Кобрынскага, Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Іх уганаравалі дыпломамі розных ступеняў за пашырэнне экалагічнае асветы ў грамадстве.

Настасся Фрода, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары