БХД хоча вылучыць на мясцовых выбарах 230 кандыдатаў


Паводле сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, выбары ў мясцовыя саветы могуць стацца пачаткам стварэння «альтэрнатыўнага мясцовага ўраду».

БХД збіраецца вылучыць 230 кандыдатаў у дэпутаты, паведаміў Павал Севярынец: «І гэта рэальныя людзі. Я чую з розных бакоў: а мы вылучым 300, а мы – 500. Дай Бог, каб больш. Было б добра, калі б дэмакратычныя сілы вылучылі, напрыклад, тысячу кандыдатаў, бо ва ўсіх будзе адзіны мэсыдж. Прынялі такое прынцыповае рашэнне, і адзінае пасланне амаль распрацаванае. Але цяпер адзіная структура, якая зможа больш за нас вылучыць сваіх прадстаўнікоў у мясцовыя саветы, – гэта кампанія «Гавары праўду».

Пры гэтым Севярынец зазначыў, што спікеры БХД будуць браць удзел у гэтай выбарчай кампаніі да пэўнага этапу. «Байкатаваць мясцовыя выбары, на якіх няма парога яўкі выбарнікаў, бессэнсоўна. Таму трэба выкарыстаць магчымасць паўтара месяца легальна расказваць людзям пра тое, што мы думаем, казаць пра лакальныя справы, якія можам зрабіць, – падкрэсліў палітык. – Мы можам рэалізаваць ідэю стварэння альтэрнатыўнага мясцовага ўраду, які распрацуе свой план развіцця рэгіёну і прапануе яго людзям. Паверце, падцягнуцца нават чыноўнікі, бо ім не хапае або ініцыятывы, або мазгоў».

На думку Севярынца, фармаванне такіх структураў на месцах мае завершыцца ў 2015 годзе стварэннем у краіне альтэрнатыўнага ўраду.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў