Уладзімір Яроменак – 3 месяцы


Актывіста «Маладога фронту» Уладзіміра Яроменка 11 снежня заключылі пад варту ў ізалятары на Валадарскага ў Менску. Дзеяч мусіць адбыць трохмесячны арышт за парушэнне прэвентыўнага нагляду.

20 жніўня 2013 г. суд Першамайскага раёну Менску прыгаварыў Яроменка да трох месяцаў арышту. 12 лістапада 2013 г. Менскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле.

Уладзіміра Яроменка прыгаварылі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у масавых закалотах у Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. У жніўні 2011 года актывіста вызвалілі праз памілаванне. Над ім устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд некалькі разоў. Апошнім разам у верасні 2013-га актывіст атрымаў 5 содняў арышту за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду.

На момант рашэння суда прэвентыўны нагляд, за парушэнне якога Яроменка асудзілі, ужо знялі. Разам з тым былы палітзняволены застаецца пад прафілактычным наглядам – гэта азначае, што ён можа пакідаць месца жыхарства і нават выязджаць за мяжу, але, калі плануе адсутнічаць больш як месяц, мусіць папярэджваць інспектара.

Стужка навінаў