Забойчая "аптымізацыя". Што будзе з музеем Багдановіча?


Адзін з найлепшых літаратурных музеяў краіны – Музей Максіма Багдановіча ў Менску – пад пагрозаю знішчэння. Інфармацыя пра закрыццё ўстановы з’явілася напярэдадні – якраз у дзень народзінаў класіка. Інтэлігенцыя б’е трывогу, улады ж гавораць пра “аптымізацыю” музейнай сферы.

{movie}Забойчая «аптымізацыя»|right|13727{/movie}

Супрацьстаяць “аптымізаванаму забойству”. Дзеячы нацыянальнае культуры зладзілі ў Менску прэс-канферэнцыю, прысвечаную рэарганізацыі Літаратурнага музею Максіма Багдановіча ў Менску ў філіял Музею гісторыі беларускай літаратуры.

УЛАДЗІМІР АРЛОЎ, ПІСЬМЕННІК, ГІСТОРЫК:
“Паўстане пытанне: а чаму ў гэткім прэстыжным будынку ў цэнтры Менску, прыгожым і ў добрым стане, месціцца нейкі філіял чалавека – як мне даводзілася чуць! – які выдаў адну кніжку ўсяго ў сваім жыцці? Давайце-ка мы гэты будынак возьмем пад што-небудзь больш сацыяльна значнае! А Багдановічу зробім залу ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры!”

У самым будынку, закрытым для наведнікаў, ужо каторы год цягнецца капітальны рамонт, цалкам дэмантавалі ўнікальную музейную экспазіцыю. Будаўнічыя працы абяцаюць завершыць у першай палове наступнага года. А яшчэ сёлета мае адбыцца нашмат больш грунтоўная “рэканструкцыя”: установа страціць статус асобнага музею і ператворыцца ў філіял, з 40 працаўнікоў застануцца толькі 5.

ТАЦЦЯНА ШЭЛЯГОВІЧ, ДЫРЭКТАРКА МУЗЕЮ М. БАГДАНОВІЧА:
“Я думаю, што нашыя людзі, беларуская супольнасць, тая вялікая колькасць людзей, якія сапраўдныя аматары творчасці Максіма Багдановіча, аніякім чынам не дапусцяць таго, каб гэты будынак быў не Максімаў”.

Між тым з 1 студзеня статус музею страчвае і дом Багдановіча ў Горадні, дзе маленькі Максім правёў першыя гады свайго жыцця. Установу таксама чакае скарачэнне штату і рэарганізацыя ў філіял гістарычна-археалагічнага музею. Ці гэтак маюць ушаноўваць памяць нацыянальнага класіка?

ЖЫХАРЫ ГОРАДНІ:
“Мы хутка пачнем рабіць помнікі дворнікам, а Багдановіча забылі”.
“Калі дом стаіць дагледжаны, дык і памяць ёсць нейкая. А што яшчэ можна зрабіць?”

А хаця б і помнік, які ў Горадні ўлады збіраліся паставіць яшчэ на пачатку 1990-х – да векавога юбілею паэта. Апошнія абяцанкі, таксама гэтак і не рэалізаваныя, прагучалі ўжо на 120-годдзе Багдановіча пазалетась. У Менску ж, сярод іншага, паводле тагачаснай пастановы Савету Міністраў, меў быць адноўлены дом, дзе нарадзіўся маленькі Максім, – грошай забракавала. І цяперашнюю “аптымізацыю” ўлады таксама тлумачаць патрабаваннямі дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі ды ашчаджэння.

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН, ПАЭТ:
“Абарона інтарэсаў музею Багдановіча – гэта і абарона інтарэсаў Беларусі, і, урэшце, абарона нашай перспектывы – кім мы будзем, якою нацыяй мы будзем у далейшым свеце!”

Біце ў сэрцы іх – біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Словы наймацнейшае любові да Бацькаўшчыны, якія прагучалі амаль стагоддзе таму і якія не паддаюцца аніякай “аптымізацыі”.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў