Някляеў: кніга Аліневіча - найлепшая з усяго, што напісана ў Беларусі пра стан чалавека ў турме


Турэмныя гісторыі палітвязняў – больш, чым проста апісанне будняў за кратамі. У Менску ўганаравалі лаўрэатаў новай літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча. Найлепшым творам, напісаным за кратамі, прызналі кнігу “Еду ў Магадан” Ігара Аліневіча, асуджанага за арганізацыю атакі на расейскую амбасаду.

{movie}Прэмія з горкім прысмакам|right|13725{/movie}

Прэмія Францішка Аляхновіча – бадай што адзіная ўзнагарода ў Беларусі, арганізатары якой хочуць як мага хутчэйшага яе знікнення. Злыя языкі называюць прэмію проста – турэмнаю. Аднак сябры журы конкурсу сцвярджаюць, што больш, чымся апісаннем жудасных рэаліяў, кіраваліся мастацкаю вартасцю твораў.

Галоўную ўзнагароду Ігару Аліневічу за кнігу “Еду ў Магадан” прызначыла журы, у склад якога, між іншых, увайшлі літаратары, якія самыя пакаштавалі смак турэмнага жыцця: Аляксандр Фядута і Уладзімір Някляеў.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ПАЭТ, ПАЛІТЫК:
“Гэтая кніжка – найлепшая не толькі з усяго, што напісана ў Беларусі пра стан чалавека ў турме, але наогул у літаратуры, гэта па-першае. Па-другое, яна выйшла перш за астатнія і эмацыйна больш уразіла людзей. Па-трэцяе, гэта смеласць аўтара”.

Ігару засталося сядзець яшчэ 5 гадоў. Узнагароду атрымала ягоная маці. Валянціна Аліневіч і сама здзіўляецца сыну: каб пісаць кнігу за сталом, у калоніі ён пайшоў вучыцца на краўца. Вынік гэтай працы карыстаецца поспехам сярод замежных вязняў. І гаворка тут не пра швейныя вырабы…

ВАЛЯНЦІНА АЛІНЕВІЧ, МАЦІ ВЯЗНЯ ІГАРА АЛІНЕВІЧА:
“У “Бутырку” трапілі ўжо тры кнігі “Еду ў Магадан”. Па іх стаіць чарга, людзі чытаюць. І кажуць пра тое, што сцены турмаў і ў Расеі, і ў Іспаніі, і ўва Украіне – аднолькава трывалыя. Можа, у Беларусі яны яшчэ больш трывалыя, чымся ў іншых краінах”.

Дапамагчы іх руйнаваць – місія турэмнай літаратуры. Прэмію назвалі ў гонар Францішка Аляхновіча – аўтара славутай кнігі “У кіпцюрох ГПУ”, першага ў свеце твору пра сталінскія рэпрэсіі, напісанага іх ахвяраю.

Сярод твораў ахвяраў сённяшняга рэжыму журы вызначыла Алеся Бяляцкага, Анатоля Лябедзьку, Юрыя Бандажэўскага, Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, Аляксандра Францкевіча і Алеся Кіркевіча. Адзіная дыпламантка – нязломная Ірына Халіп, якая нават за кратамі мела дэдлайны: штопанядзелак чытачы расейскай “Новой газеты” чакалі ейных аповедаў, прасякнутых іроніяй і гумарам.

ІРЫНА ХАЛІП, ЖУРНАЛІСТКА, БЫЛАЯ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНАЯ:
“Я сказала сабе: ніколі тым уродам не дазволю адчуць радасці ды задаволенасці ад таго, што яны прымусілі мяне пакутаваць. Таму ніякіх пакутаў там не будзе”.

Галоўнае ж пажаданне і лаўрэатаў, і арганізатараў прэміі, каб жанр турэмнай літаратары, што цяпер у Беларусі перабывае на дастаткова высокім узроўні, перастаў развівацца.

Мар’яна Чарняева, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў