У Горадні адкрылася консульства Украіны (ФОТА)


Ганаровае консульства Украіны ў Горадні пачало працаваць у цэнтры гораду ў будынку на вуліцы Замкавая, 7. На афіцыйным адкрыцці прысутнічалі надзвычайны і ўпаўнаважаны амбасадар Украіны ў Беларусі Міхал Ежаль, генеральны консул Украіны ў Берасці Алег Мысык, дыпламаты з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Расеі і Казахстану.

Развіццё гандлёвых адносінаў паміж Беларуссю ды Украінаю – галоўны кірунак працы новага дыппрадстаўніцтва ў Горадні, сказаў падчас урачыстага адкрыцця консульства амбасадар Украіны ў Беларусі Міхал Ежаль. Дыпламат таксама падкрэсліў, што беларусы і ўкраінцы мусяць, у першую чаргу, развіваць бізнес у сваіх краінах, а не працаваць на Захадзе.

«Цяжка сказаць, наколькі яна будзе паспяховая, праца консульства, але тое, што нашая праца прынясе карысць, не выклікае сумневу. Нам трэба развіваць бізнес. Маладым людзям не трэба ехаць у Амерыку, каб там працаваць. Бізнес трэба рабіць тут, у Беларусі, ва Украіне. Там мы нікому непатрэбныя», – адзначыў пасол Украіны ў Беларусі.

Ганаровым консулам Украіны ў Горадні прызначылі Валянціна Бойку, суўладальніка кампаніі «Контэ Спа». Усяго ў гарадзенскім консульстве будуць працаваць тры асобы. Консульская акруга ўключае Гарадзенскую і Берасцейскую вобласці.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў