6 гадоў гэта, вядома ж, узрост дзіцячы, але мы адзначылі шосты дзень народзінаў нашага тэлеканалу па-даросламу, з размахам, добраю музыкаю і вялізарнаю колькасцю ўсмешак і пазітыву.
Падтрымаць градус эмоцыяў дапамагаў не толькі добры алкаголь. Культавыя разгільдзяі з гурта «РСП» «запалілі» бітком набіты танцпол ледзь не з першай песні. Ахвяраю выступу стаў партрэт расейскага поп-спевака Дзімы Білана. Дарэчы, сваё карпаратыўнае свята мы правялі ў варшаўскай кавярні «Дзік» насупраць расейскай амбасады.
Вечарыну скончыў выступ менскага гурта «Адыс-Абэба». Беларускія растафарыяне, як кажуць, далі чаду. Абыякавых не засталося, а пазітыўныя вібрацыі беларускага рэгі на 100 % даляцелі і да расейскіх дыпламатаў, што снілі сны на супрацьлеглым баку вуліцы.
Поўная версія варшаўскага канцэрту «РСП» і «Адыс-Абэбы» – у хуткім часе на нашай старонцы.
ЮВ, belsat.eu