Працы Змітра Іваноўскага выставяць пасмяротна. Карціны павяжуць чорнаю стужкаю


Некалькі успамінаў і добрых слоў пра мастака, які стаў класікам пры жыцці. Спалучаў у сабе выдатнага творцу і неабыякавага грамадзяніна, а яго карціны занялі пачэснае месца ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Чалавек з вялікай літары, таленавіты каларыст і арганізатар, узгадвае Змітра Іваноўскага Старшыня Таварыства польскіх мастакоў Станіслаў Кічко.

Ужо праз месяц у Гарадзенскай выставачнай зале плануецца зрабіць экспазіцыю карцінаў Іваноўскага «з чорнае стужкай». Дырэктарка выставачнай залы спадарыня Ірына запомніла Змітра не толькі як яскравага мастака, але і як чалавека з выразнаю грамадскаю пазіцыяй. «Зміцер выдаткоўваў свой час на тое, каб вучыць маляваць аматараў. Я ведала жанчын, якія прыходзілі да яго ў майстэрню вучыцца мастацтву». Дырэктарка выставачнае залы распавяла, што Зміцер аддаваў шмат часу на вывучэнне дэталяў гістарычных падзеяў, каб дакладна адлюстраваць іх на палотнах.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна выказалася пра Змітра Іваноўскага як пра вельмі цікавага мастака. «Значны кірунак ягонай творчасці – гістарычны. Зміцер пісаў рэтраспектыўныя карціны пра Горадню рамантычна-ўзнёслага плану, з падрабязнымі дэталямі. Варта адзначыць і ягоныя пластычныя кампазіцыі з дрэва ды іншых матэрыялаў утылітарнага характару, напрыклад, прыстасаванне для лямпы. Увагі заслугоўваюць і ягоныя пейзажы, відарысы, партрэты, нацюрморты».

Зміцер Іваноўскі найбольшую ўвагу ў сваёй творчасці прысвяціў часам Вялікага княства Літоўскага, самым значным асобам і падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі ВКЛ. Архітэктурны пейзаж, вуліцы мінулае і сённяшняе Горадні таксама прысутнічалі ў ягоных працах.

Блізкая сяброўка спадара Іваноўскага, грамадская актывістка Святлана Нех, расказала пра яго як пра асобу з актыўнаю грамадскаю пазіцыяй.

«Я ведала Дзіму з 1999 года. Ён заўсёды да ўсяго падыходзіў так, нібыта гэта самае галоўнае ў жыцці. Калі ён верыў у нешта, то аддаваў сябе гэтай ідэі цалкам. Гэта тычыцца і выбараў Домаша (перадвыбарчая кампанія падтрымання Сямёна Домаша ў 2002 годзе. – belsat.eu), калі Дзіма не спаў начэй, удзельнічаў у мітынгах, рабіў усё, што ад яго залежала.

Ён першы падымаў пытанні наконт Фары Вітаўта. Гэта яму належыць ідэя вялізнага памятнага крыжа на месцы зруйнаванае святыні ды рэалізацыя гэтае задумы. Дзіма стварыў першы макет Фары Вітаўта – найлепшы з усіх, на маю думку. Ягоная карціна «Падрыў Фары Вітаўта» – адзін з асаблівых твораў пра гістарычныя падзеі Беларусі. Калі беларусы нічога не хацелі ведаць пра сваю гісторыю да 1994 года, ён даследаваў мінулае.

Напачатку 2000-х гадоў мастак ператварыўся ў актывіста і стаў арганізатарам руху прадпрымальнікаў. Калі зачынялі рынкі, ён разам з прадпрымальнікамі выходзіў на плошчу, каб прымусіць улады сесці за стол перамоваў. За свае дзеянні Дзіма атрымаў агромістыя штрафы ды сядзеў некалькі разоў па 15 содняў, кожны раз спалучаючы іх з галадоўкаю.

«Сотку» – памяшканне № 100 ў будынку па Будзённага 48а – называлі «майстэрняй Іваноўскага». Там нейкі час і сапраўды месцілася ягоная майстэрня, але перш за ўсё гэта была «грамадская прыёмная». Там праходзіла актыўнае палітычнае жыццё. Людзі збіраліся з самымі рознымі пытаннямі, а Дзіма спрабаваў развязаць іхныя праблемы.

Дзіма быў сапраўдным бяссрэбнікам. Ён шмат чаго аддаваў людзям, дапамагаў матэрыяльна ўсім, хто да яго звяртаўся. Ён быў светлым чалавекам, са своеасаблівым гумарам, заўсёды з усмешкаю», – узгадвае сябра грамадская актывістка Святлана Нех.

Дзе будуць захоўвацца карціны слаўнага мастака, пакуль невядома. «Цяпер не да гэтага», – патлумачыла Святлана. За сваё жыццё спадар Іваноўскі напісаў больш за тры тысячы карцінаў, якія разышліся па свеце. Сяброўка кажа, што каля 60 працаў застаюцца ў роднай вёсцы Гудзевічы, у матчынай хаце. Шмат якія творы набылі сябры, знаёмыя і незнаёмыя гарадзенцы, чыноўнікі. Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна пэўная, што частка спадчыны Іваноўскага апынулася ў еўрапейскіх прыватных калекцыях.

Гарадзенскі мастак, палітычны і грамадскі дзеяч Зміцер Іваноўскі памёр 5 снежня праз хваробу сэрца.

Марыся Харэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў