Пленумы ЦК КПСС вяртаюцца ў Беларусь


Пленумы ЦК КПСС вяртаюцца ў Беларусь у выглядзе нарадаў у кіраўніка дзяржавы. Прынамсі раз на паўгода Аляксандр Лукашэнка плануе збіраць у сябе чыноўнікаў розных калібраў дзеля абмеркавання праблемных пытанняў. Тэмамі першай нарады сталі праблемы ў галіне будаўніцтва і праца з кіроўнымі кадрамі. Ці мае шанец адноўлены фармат зрабіцца чыннікам поспеху?
{movie}У новым старым фармаце (10.12.2013) |right|13715{/movie}
Праблемы ў галіне будаўніцтва і працы з кадрамі аб’ядналі ў адну нараду. Пры гэтым традыцыйна з вуснаў Лукашэнкі гучалі настаўленні і патрабаванні: навесці парадак у размеркаванні зямельных участкаў, завяршыць усе даўгабуды і спыніць свавольствы праектных арганізацыяў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
«Я ўжо казаў, у тым ліку пры будоўлі жылля. Атрымліваецца: сабраў грошы ды выкарыстаў, як хачу. У тым ліку выбудоўваючы піраміды. Так быць не мусіць!».

Былі і прэзідэнцкія абяцанні. Напрыклад, налета прыраўняць кошт квадратнага метру жылля, якое будуецца паводле дзяржзамовы, да сярэднемесячнага заробку. На думку ж экспертаў, каб дабіцца такіх нізкіх коштаў, неабходная прынамсі адмысловая фінансавая праграма. Словы ж Лукашэнкі падобныя на звычайны папулізм.

АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
«Такая праблема даўгабуду, напрыклад, выкарыстанне зямельных участкаў. Гэта вялікія праблемы, якія ўпіраюцца ў фінансавыя рэсурсы. І я не думаю, што за адзін год сітуацыю можна было б істотна змяніць, прынамсі без парушэння правоў уласнасці».

Другой жа тэме, працы з кадрамі, з якой нібыта і вынікаюць шмат якія хібы ў той самай будаўнічай галіне, кіраўнік дзяржавы ахвяраваў менш часу, абмежаваўшыся выказваннямі пра максімальную празрыстасць працы дзяржапарату і пра наяўнасць безыніцыятыўных чыноўнікаў.

Напярэдадні ж прэзідэнт прызнаўся, што за 20 гадоў гэтак і не пабудавалі якаснай кадравай палітыкі. Але праблема, кажуць нашыя суразмоўцы, якраз у ёй, а дакладней – у мадэлі, пабудаванай за час прэзідэнцтва Лукашэнкі.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:
«Сістэма ў яго склалася за 20 гадоў. Інакш як запужваць, бо заахвочваць кадры альбо іншых падыходаў у яго папросту няма. Калі кадры не пужаць, яны проста не будуць працаваць».

Адсюль і ўсё новыя пагрозы «паадкручваць галовы» ды «пасадзіць», якія сам Лукашэнка не лічыць нічым надзвычайным.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ (12.04.2013): «Чыноўнік ідзе на нары. Гэта не запужванне людзей, я проста вас папярэджваю».

Бадай, толькі турмы беларускія чыноўнікі і баяцца, бо кадравая палітыка Лукашэнкі звычайна нагадвае ракіроўку ў шахматнай партыі, што расцягнулася не на гадзіны, а на гады – звольнілі з аднаго месца, прызначылі ў іншае.

АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
«Практычна ўва ўсіх аўтарытарных сістэмах назіраецца тое, што можна назваць «застоем» у кадрах. Тое, што ўтварылася пэўная група людзей, якія лаяльныя, надзейныя, але неэфектыўныя. Траплянне новых людзей у гэтую сістэму ёсць праблемаю».

Нарады ж на ўзор пленумаў КПСС – вяртанне ў яшчэ больш далёкае мінулае, з дапамогай якога Лукашэнка хоча будаваць светлую будучыню. Але чым скончыліся гэткія метады і заклікі для самога СССР, тлумачыць не трэба, бадай, нікому.

Алесь Яшчанка, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў