Працы сучасных беларускіх мастакоў можна набыць як калядны падарунак


Снежань, апроч пары для сустрэчаў, – гэта яшчэ і час задумацца пра калядныя падарункі. Галерэя «Ў» можа дапамагчы ў падарункавай дылеме тым, у каго не бракуе густу і, што хаваць, сродкаў. На сценах галерэі размясціўся цэлы арт-кірмаш твораў сучаснага беларускага мастацтва.

Арт-дырэктар галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава распавядае: «Гэтым разам тут можна пабачыць творы такіх мэтраў, як Сяргей Кірушчанка, Руслан Вашкевіч, Ігар Саўчанка, Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава. Таксама ў нас ёсць два блокі ў галерэйнай прасторы, дзе можна паглядзець працы маладых мастакоў. Гэта і Анро, і Базыль, і Аляксей Талстоў».

На кірмашы можна не толькі набыць твор мастацтва, але і падабраць багет і замовіць раму, каб пасавала пад інтэр’ер. Апроч таго, што добра выглядае на сцяне (жывапісу, графікі ды фота), прадаюцца тут скульптуры ды іншыя арт-аб’екты.

Наведнік, які назваўся Колем Марксістам, адзначыў: «Яшчэ раз я магу прарэкламаваць мастака Хацкевіча, мне ён тут з усіх найбольш падабаецца».

Мастацтва пакуль што зачароўвае менш, чым падарункавыя аддзелы ўнівермагаў, і людзей у галерэі, мякка кажучы, значна менш. Можа быць, яшчэ не адчулі сапраўднага набліжэння святаў.

Іншыя тэмы выдання: Паэтка Mate Lakiato пастанавіла перагледзець уласную творчасць пасля наведвання творчага вечара Веры Палазковай. У магілёўскай «Шчырай майстэрні» распачаліся снежаньскія сустрэчы – з выставы трох фотамастакоў, якія працуюць у жанры лома-графіі. Філфак БДУ ізноў робіцца пляцоўкаю для творчых спатканняў – у актавай зале прайшоў нефармальны вечар з гарбатаю, Федзем Жывалеўскім і Сяргеем Башлыкевічам.

{movie}”Агляд падзеяў культуры” (10.12.2013) |right|13706{/movie}

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў