Праграма «Маю права» нашага каналу – пераможца праваабарончага конкурсу за 2013 год


У Сусветны дзень правоў чалавека прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў агучылі імёны пераможцаў традыцыйнага праваабарончага конкурсу.

Лаўрэатаў вызначылі ў трох намінацыях: «Праваабарончая дзейнасць», «Адвакацкая дзейнасць» і «Журналістыка». У адкрытым галасаванні ўзялі ўдзел лідары праваабарончых арганізацыяў і былыя лаўрэаты конкурсу.

У намінацыі «Журналістыка» перамогу прысудзілі праграме «Маю права» нашага тэлеканалу.

«Наш калектыў досыць вялікі – над праграмаю працуюць 25 чалавек, – адзначыў на цырымоніі ўганаравання Сяргей Кручкоў, адзін са стваральнікаў праграмы. – Насамрэч мы маем з вамі адныя і тыя ж праблемы, грукаючыся ў адныя і тыя ж зачыненыя дзверы. Але, мабыць, такі лёс у праваабаронцаў і журналістаў у любой краіне – нават там, дзе з правамі чалавека крыху лепш. Іншая справа – што ў іншых краінах заканадаўства спрыяе таму, каб СМІ змаглі абараніць правы людзей. У нас жа нават там, дзе ніякай палітыкі няма, дзверы зачыненыя. Таму давайце гуртавацца і дапамагаць адзін аднаму».

Найлепшым адвакатам 2013 года абралі кіраўніка юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйлу, а найлепшым праваабаронцам – кіраўніка інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Андрэя Бандарэнку.

Сёлетні конкурс быў пяты з ліку. У папярэднія гады ў журналісцкай намінацыі праваабаронцы адзначылі Сямёна Печанка, Алега Груздзіловіча, Уладзіміра Грыдзіна, Юлію Дарашкевіч і Андрэя Пачобута.

ЮВ, паводле baj.by

Глядзі таксама
Каментары