Новы год з «Белсатам»: спірытычны сеанс з Лявонам Вольскім (+ відэа)


https://youtu.be/_SaneZ_AGB0
«Белсат» рыхтуе для сваіх гледачоў святочную праграму на навагодні вечар.

Канцэрт распачнецца за некалькі хвілінаў да апоўначы, яго можна будзе глядзець у онлайн-трансляцыі на нашым сайце belsat.eu.

«Цвіком» навагодняй праграмы стане пастаноўка «Бывай, Зямля!» («Снежны завулак, 14»). Як няцяжка здагадацца, нумар у адрасе – лічба наступнага, 2014-га, года. А першым быў «Снежны завулак, 8». Аўтарам сцэнара, як і шэсць гадоў таму, стаў музыка Лявон Вольскі.
{movie}Навагодняя праграма «Белсату» (анонс)|right|13682{/movie}
«Бывай, Зямля!» – гэта і касмічныя прыхадні, і выкраданне кіраўніка гораду, і спірытычны сеанс. Усё гэта насычанае жарцікамі ды пранізанае песнямі, якіх вы яшчэ не чулі.

У фільме-канцэрце зняліся: Ганна Хітрык, якая выконвае ролю спартоўкі, Павел Харланчук – дэтэктыва, Наста Шпакоўская – варажбіткі, Уладзімір Пятровіч – прадпрымальніка, Кацярына Аверкава – уладальніцы вар’етэ-казіно, Раман Падаляка – замежніка, Алена Крыванос – пакаёўкі.

Шэраг вядомых асобаў задзейнічаныя ў эпізадычных ролях, як сам Лявон Вольскі. Рэжысёр – Мацей Сабураў.

Што яшчэ цікавага ў навагодні вечар будзе на «Белсаце»?

Увечары Вас чакаюць святочныя выпускі праграмаў «ПраСвет», «2х2», «Аб’ектыў», для дзетак – «Прыгоды і паходы». Перад пастаноўкаю «Бывай, Зямля» Вы ўбачыце навагодняе выданне «Відзьмо-невідзьмо» і дакументальны фільм пра экзарцызм. Пасля канцэрту ў эфір выйдзе святочны выпуск праграмы «Эксперт». Навагоднюю ноч працягнуць канцэрт, прысвечаны 6-й гадавіне «Белсату», і канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Для тых, хто не паспеў паглядзець «Бывай, Зямля!», пастаноўку пакажуць яшчэ раз.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары