Найлепшае на «Белсаце». Выбіраем разам!


Шэсць гадоў трансляцыі – гэта сотні дакументальных фільмаў і рэпартажаў, тысячы журналісцкіх матэрыялаў, гэта яркія тэлевізійныя асобы. Сёлета мы ствараем новую традыцыю і ўзнагароджваем найлепшыя працы.

Урачыстае абвяшчэнне пераможцаў «Узнагароды Белсату – 2013» адбудзецца падчас святкавання шостага дня народзінаў нашага тэлеканалу. Пераможцаў будуць вызначаць у чатырох намінацыях – «Тэлевізійная асоба года», «Фільм / рэпартаж года», «Журналісцкі матэрыял года» і «Журналісцкі матэрыял года на інтэрнэт-сайце». Для гэтага створанае адмысловае журы. Асобна будуць адзначаныя матэрыялы на сайце belsat.eu і рахунку «Белсата» ў YouTube з найбольшай колькасцю праглядаў.

«Асобу «Белсату» выбіраем разам!

«Тэлевізійная асоба года» – намінацыя, у якой мы выбіраем найлепшых сярод самых таленавітых, яркіх і цікавых асобаў нашага тэлеканалу. Гэта тыя вядоўцы, журналісты і тэлепубліцысты, якіх вы штодня бачыце на «Белсаце». Разам намінаваныя 10 асобаў.

Наведнікі старонкі belsat.eu могуць паўплываць на выбар журы. Галасуйце ў апытанні на галоўнай старонцы (каб аддаць голас, трэба націснуць на імя і прозвішча вядучага). Выберам «Тэлевізійную асобу года» разам!

Найлепшыя фільмы, рэпартажы і журналісцкія матэрыялы на «Белсаце»

У намінацыю «Фільм / рэпартаж года» трапілі восем працаў. Гэта тры дакументальныя фільмы:

  • «Крывавы патоп. Невядомая вайна 1654–1667 гг.» – вайна, пра якую ведаюць толькі адзінкі, бо ў расейскай, савецкай, а цяпер і беларускай гістарычнай навуцы яе хавалі або фальсіфікавалі. Вайна адбывалася паміж Рэччу Паспалітаю і Маскоўскім царствам. Але падзеі адбываліся пераважна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, і найбольш пацярпелі менавіта беларускія землі.

  • «Праклятыя і забытыя» (рэж. Антон Цялежнікаў) – фільм пра беларускіх жаўнераў, якія прайшлі падрыхтоўку ў нямецкай дыверсійнай школе «Дальвіц». Гэта былі асобы, якія падчас Другой сусветнай вайны паміж супрацаю з савецкімі ўладамі ды нацыстамі выбралі, на іхную думку, меншае зло.

  • «Вясна» (рэж. Вольга Швед) – стужка паказвае постаць Алеся Бяляцкага, які стварыў праваабарончую арганізацыю «Вясна» і кіраваў ёй да свайго арышту. Бяляцкі прысутнічае на архіўных здымках і кадрах кінахронікі, але ў фільме няма выказванняў самога Алеся, апроч апошняга слова ў судовай зале. І ўсё ж ён прамаўляе да нас – вуснамі сваёй жонкі, якая распавядае, чаму Алесь абраў беларускі шлях, чаму заняўся абаронаю грамадзянаў ад уладаў.

Сярод рэпартажаў, што прэтэндуюць на ўзнагароду: «Хрушчоўкі – гісторыя вялікага падману» пра панэльныя дамы, што мелі прастаяць да часу, пакуль у краіне збудуюць камунізм; «Няпростае вяртанне», што распавядае пра рэабілітацыю нарказалежных; «Забаронены фільм» аб змаганні ўладаў супраць фільму Валерыя Панамарова «На чорных лядах»; рэпартаж «Альпіністка», які распавядае драматычную гісторыю Ірыны Вялянковай, і адмысловы праект «Рэпартаж Залеўскага».

У намінацыі «Журналісцкі матэрыял года» прэзентаваныя каля двух дзясяткаў працаў – тэлесюжэты, навіны, публікацыі на старонцы belsat.eu.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў