Суд над «Белсатам» перанеслі на 20 студзеня


Судовае паседжанне перанеслі на 20 студзеня ў сувязі з немагчымасцю абаронцы азнаёміцца з усімі абставінамі справы. Бо адвакат «Белсату» Ігар Дзьячкоў атрымаў пакет дакументаў толькі 6 снежня. Абаронца нашага тэлеканалу пагаджаўся на перанос справы на некалькі гадзінаў, але суддзя пастанавіў, што гэтага часу будзе недастаткова для падрыхтоўкі да судовага працэсу.

Спадар Андрэй Белякоў з фірмы «БЕЛСАТплюс» сцвярджае, што тэлебачанне «Белсат» незаконна выкарыстоўвае свой таварны знак.

Фірма, якая падала ў суд на «Белсат ТВ», не хоча грашовай кампенсацыі. Яе адзінае патрабаванне, каб спадарожнік «Astra» прыпыніў трансмісію сігналу тэлебачання «Белсат».

Нашае тэлебачанне зарэгістраванае ў Польшчы, таксама, як і дамен сайту. Даменнае імя не зарэгістраванае ў Беларусі ды не адмініструецца з тэрыторыі Беларусі, таксама і тэлебачанне не транслюем з тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, і знак – не падпадаем пад юрысдыкцыю беларускага права.

Да таго ж «Белсат» зарэгістраваны як «Белсат ТВ» («Belsat TV»), а гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства – як «БЕЛСАТплюс» (пасведчанне аб рэгістрацыі № 190991566).

Фірма спадара Белякова займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання і радыётэхнічнага абсталявання. Паводле заканадаўства, нельга блакаваць таварны знак, калі яго не выкарыстоўваеш у дадзенай галіне (трансляцыя і прадукцыя тэлевізійных праграмаў). Фірма «БЕЛСАТплюс» не ажыццяўляе тэлевізійнай трансляцыі.

ШВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары