Беларусаў, якіх трымалі больш за содні на ўкраінскай мяжы, вызвалілі


Таямнічы зялёны парашок, які знайшлі ўкраінскія памежнікі ў аўтобусе «Гомель-Чарнігаў», адправілі на экспертызу.



Учора ўкраінскія памежнікі ў рэйсавым аўтобусе «Гомель-Чарнігаў», якім група з 10 беларусаў ехала на Украіну, каб пазней выправіцца на кіеўскі Майдан, знайшлі 12 грамаў таямнічага зялёнага парашку.

«Вельмі дзіўна, што ўкраінскія мытнікі нешта знайшлі, бо папярэдне аўтобус дакладна абшукалі на беларускім баку мяжы», – адзначыла Наталля Гарачка, адна з удзельніцаў групы, да якой дазваніўся «Белсат».

Памежнікі западозрылі, што той парашок – марыхуана, і выклікалі следча-крымінальную групу, ізаляваўшы ў аўтобусе на 8 гадзінаў без ежы і вады беларускага актывіста «Альтэрнатывы» Змітра Сільчанку, каля сядзення якога знайшлі сумесь. Рэшту пасажыраў трымалі ў актавай зале з 5 крэсламі.

Увечары следча-крымінальная група апытала ўсіх пасажыраў і правяла следчы эксперымент, запытаўшыся кожнага паасобку, дзе яны сядзелі ў аўтобусе.

Начавалі каля 40 пасажыраў на мяжы ў аўтобусе. Сёння каля 14:30 паводле ўкраінскага часу ўсіх пасажыраў, у тым Змітра Сільчанку, адпусцілі, перапісаўшы іхныя пашпартавыя звесткі. Рэйсавы аўтобус, які належыць гомельскаму аўтапарку, вярнуўся ў Гомель. З 10 асобаў, якія ехалі ў Кіеў, працягнулі падарожжа ва ўкраинскую сталіцу толькі 4. Рэшта вярнулася дадому.

«Калі б не прыехалі журналісты і праваабаронцы з Чарнігава, нас трымалі б яшчэ даўжэй», – упэўненая спадарыня Наталля.

Актывіст Зміцер Сільчанка распавёў «Белсату», што падчас размовы прадстаўнікі следчай групы стараліся схіліць яго прызнацца, што наркатычная сумесь належыць яму. «Казалі, што, калі прызнаюся, атрымаю 3 гады турмы, а калі не – то 10». Хлопец сцвярджае, што нічога пра парашок не ведае.

Старэйшы следчы-крыміналіст следчага аддзелу ў асоба важных справах Упраўлення службы бяспекі Украіны Дзяніс Андрэевіч Амяльяненка расказаў «Белсату», што трымалі пасажыраў каля 28 гадзінаў, бо трэба было правесці следчыя дзеянні. «Такія ў нас працэдуры. Памежнікі западозрылі, што зялёны парашок – гэта наркотыкі, і мы мусілі высветліць гэтую справу. Дзесьці 98 % можна даць, што тая сумесь – наркотык, але я не адмыслоўца і парашок адправілі на экспертызу ў Кіеў. Усе пасажыры праходзілі ў якасці сведак».

Праз 10 дзён мусіць быць вядома, паводле крыміналіста, што за сумесь была ў аўтобусе. Калі пацвердзіцца, што гэта наркотык, украінскі бок будзе кантактаваць з беларускім КДБ у справе расследавання гэтай справы.

Зміцер Сільчанка не выключае, што ў любым выпадку звесткі пра яго ўкраінскі бок можа перадаць беларускаму КДБ: «Можа так атрымацца, што праз некалькі дзён мяне забярэ КДБ, але пакуль я еду на Майдан», – кажа актывіст.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў