Украінскія апазіцыянеры далі Януковічу 48 гадзінаў на адстаўку ўраду


Напярэдадні «Маршу мільёнаў» украінская апазіцыя ўзгадніла асноўныя патрабаванні да ўлады. Ключавыя пункты – гэта вызваленне палітвязняў, адстаўка ўраду, датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, падпісанне дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам.



На сёння ўкраінская апазіцыя склікала ў Кіеў «Марш мільёнаў». На Майдане сабраліся ад 300 да 500 тыс. асобаў, падалі ў прэс-цэнтры Еўрамайдану. Людзі гуртуюцца таксама на блізкіх ад Майдану вуліцах, увесь час прыбываюць делегацыі з розных украінскіх гарадоў.

Удзельнікі пратэстаў заблакавалі квартал, дзе знаходзяцца будынкі дзяржаўнай адміністрацыі ды кажуць, што будуць туды прапускаць толькі хуткую дапамогу і пажарнікаў.



Заблакаваць прэзідэнта

Апазіцыя абяцае заблакаваць рэзідэнцыю Януковіча «Мэжыгір’я», калі цягам 48 гадзінаў урад Мікалая Азарава не адправяць у адстаўку.

Пра гэта сказаў дэпутат ад «Бацькаўшчыны» Сяргей Пашынскі на чале калоны апазіцыі, якая адправілася пад Адміністрацыю прэзідэнта з Майдану незалежнасці.

«Януковіч, мы табе даем 48 гадзінаў. Калі за гэты час Захарчанка не будзе арыштаваны, калі ўрад Азарава адправяць у адстаўку, калі не вызваляць палітвязняў – мы ідзем на «Мэжыгір’я», – заявіў дэпутат.







Live streaming video by Ustream





«Майдан не дазволіў Януковічу прадаць Украіну»

Народнае веча на Еўрамайдане распачалі з супольнай малітвы «Ойча наш» і гімну Украіны. Словы падтрымання ўдзельнікам пратэсту скіравалі прадстаўнікі Праваслаўнай і Грэка-каталіцкай цэркваў.

Дачка зняволенай Юліі Цімашэнкі – Яўгенія – зачытала адозву сваёй маці да ўдзельнікаў Еўрамайдану.

«Януковіч ніколі ўжо не падпіша пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам, бо ён лічыць, што ўступленне ў еўрапейскую дэмакратычную супольнасць несумяшчальнае з яго пажыццёваю ўладаю, і тут ні пры чым эканамічныя праблемы, на якія ён спасылаецца. Ён проста прыняў рашэнне ўступіць у клуб дыктатараў…», – напісала ўкраінская экс-прэм’ер.

«Наш Майдан не дазволіў Януковічу прадаць Украіну і падпісаць дамову з Пуціным», – заявіў са сцэны лідар фракцыі «Бацькаўшчына» ў Вярхоўнай Радзе Арсеній Яцэнюк.

Пакараць крымінальна і матэрыяльна

Украінская апазіцыя патрабуе пакараць «беркутаўцаў», якія ўчынілі крывавы разгон Майдану ў ноч на 30 лістапада і аддаць пад суд тых, хто загадваў. «Неабходна стварыць «Чорную кнігу катаў і парушальнікаў правоў чалавека» і скіраваць яе ўва ўсе ўрады дэмакратычных краінаў», – гаворыцца ў апублікаваным плане апазіцыі.

Апазіцыя заклікае абвесціць агульнаўкраінскі байкот таварам і паслугам тых кампаніяў і арганізацыяў, уласнікі якіх – дэпутаты і актывісты праўладнай Партыі рэгіёнаў. Апазіцыя плануе звярнуцца да краінаў Вялікай дваццаткі з просьбаю правесці фінансавыя расследаванні і заблакаваць тыя рахункі грамадзянаў і арганізацыяў Украіны, сродкі з якіх могуць быць выкарыстаныя для здушэння пратэстаў, «бо рэпрэсіі ўладных структураў арганізоўваюцца, аплочваюцца кіроўнымі асобамі, што датычныя да раскрадання дзяржаўных актываў».



Падборка он-лайн відэатрансляцыяў з Кіева.



Зміцер Ягораў, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў