У аўтобусе, які вёз беларусаў ва Украіну, – таямнічы зялёны парашок (абноўлена)


На беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі аўтобус «Гомель-Чарнігаў». У ім едзе група беларусаў, якія плануюць трапіць на Майдан незалежнасці ў Кіеве.

Дзесяць беларусаў, якіх спынілі па дарозе ва Украіну непадалёк Мар’інай Горкі, здолелі дабрацца маршрутным аўтобусам да Гомеля, а адтуль – да ўкраінскай мяжы. «Белсат» датэлефанаваўся адной з удзельніцаў групы Наталлі Гарачцы, каардынатарцы цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву». Вось што яна распавяла.

Як ні дзіўна, беларускія памежнікі ды мытнікі аўтобус прапусцілі хутка. Праблемы пачаліся на ўкраінскім баку. Усім беларусам загадалі выйсці і назваць перад відэакамераю сваё імя, дату нараджэння, месца жыхарства і мэту візіту. Пасля ад кожнага ўзялі распіску на імя начальніка Чарнігаўскага памежатраду палкоўніка Аляксандра Пціцы аб тым, што беларус не збіраецца парушаць украінскага заканадаўства і браць удзел у масавых пратэстах.

Калі пашпарты вярнулі ды аўтобус меўся рушыць, кіроўца загадаў выйсці ўсім з рэчамі. Пасля аўтобус абшукалі ўкраінскія мытнікі і паведамілі, што знайшлі таямнічы пакет з зялёным парашком. Што гэта за парашок і адкуль узяўся пакет – ніхто не ведае. Аўтобус з рэгістрацыйным нумарам АІ 2031-3 належыць гомельскаму аўтапарку. Па стане на 20:00 паводле беларускага часу, людзей пратрымалі на мяжы каля сямі гадзін.

Наталля Гарачка распавяла, што мытнікі западозрылі, нібыта зялёны парашок можа быць марыхуанай. Ён быў схаваны пад сядзеннем, на якім сядзеў актывіст «Альтэрнатывы» Зміцер Сільчанка. Маладзён даў тлумачэнні, але яго не затрымлівалі. Як і рэшце беларусаў актывісту вярнулі пашпарт. «Вельмі дзіўна, што ўкраінскія мытнікі нешта знайшлі, бо папярэдне аўтобус дакладна абшукалі на беларускім баку мяжы», – адзначыла спадарыня Наталля.

Зараз усіх 38 пасажыраў утрымліваюць у асобным памяшканні, з іх каля 20 – беларусы. Людзям далі толькі пяць крэслаў, на якіх тыя сядзяць па чарзе. Змітра Сільчанку трымаюць асобна ў аўтобусе. Увесь гэты час ён быў без вады і ежы. «Гэта можна прыраўняць да катаванняў. Як так можна? Цяпер Змітра, пэўна, апрацоўваюць, але ён падрыхтаваны да гэтага на праваабарончых трэнінгах», – зазначыла спадарыня Наталля.

Стала вядома, што толькі нядаўна на памежны пераход прыехала следча-крымінальная група. Калі адпусцяць пасажыраў, ніхто не кажа.

Паводле Наталлі Гарачкі, затрымліваюць таксама аўтобусы з людзьмі, якія едуць на канцэрт «Ляпіса Трубяцкога», што пройдзе сёння ў Кіеве на Майдане незалежнасці.

Аліна Кашкевіч, Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары