Радзім Гарэцкі: мяне не пускалі ў Беларусь


Акадэмік Радзім Гарэцкі сёння святкуе 85-годдзе. Напярэдадні ён пабываў у студыі «Белсату» ў якасці госця «Размовы Калінкінай».

Радзім Гарэцкі кажа, што ў сваім узросце ўжо нічога не баіцца. Тым больш, што ён аптыміст, як і ягоны бацька, стваральнік беларускай Акадэміі навук Гаўрыла Гарэцкі. Нягледзячы на драматычны лёс сям’і, яму ўдалося захаваць радасць жыцця. Гэтак жа, як і ягоным сябрам, якія таксама прайшлі праз рэпрэсіі: Адам Бабарэка, Аркадзь Смоліч, Уладзімір Дубоўка.

Гаўрыла Гарэцкі прайшоў праз ГУЛаг (як «кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі «Працоўная сялянская партыя»), быў двойчы асуджаны да расстрэлу, але выжыў. Ягонага брата Максіма, класіка беларускай літаратуры, органы забілі ў 1938-м. Абодвух рэабілітавалі яшчэ напрыканцы 1950-х, але вярнуцца ў Беларусь Гаўрылу не дазвалялі.

{movie}Радзім Гарэцкі ў “Размове Калінкінай”|right|13665{/movie}

Радзім Гарэцкі пасля заканчэння Маскоўскага нафтавага інстытуту (стаў геолагам, як і бацька) на той час працаваў у Акадэміі навук СССР. На ягоныя просьбы накіраваць на працу ў Беларусь адказвалі адмовамі. На радзіму ён змог пераехаць толькі ў 1971-м, праз два гады пасля бацькі, якога КДБ доўга трымаў здалёк ад Беларусі, нягледзячы на просьбы самога Якуба Коласа.

Дарэчы, па-беларуску спадар Радзім пачаў размаўляць толькі ў студэнцкія часы, дзякуючы ўплыву бацькоў. Да гэтага яго гадавалі бабуля з дзядулем, якія хоць і паходзілі з Беласточчыны, але былі расейскамоўныя. Радзім Гарэцкі не паспеў пазнаёміцца са сваім славутым дзядзькам. Доўгі час ён нават твораў ягоных не мог прачытаць: усе кнігі сканфіскавалі пры ператрусах.

«Белсат» сардэчна віншуе спадара Радзіма з 85-годдзем!

АК, belsat.eu

Стужка навінаў