Майдан у асобах: Сафія, лекарка са Львова


«Белсат» распачынае серыю матэрыялаў, прысвечаных героям Майдану – простым людзям, якія ўзялі адпачынак або прыпынілі свой бізнес, каб змагацца за лепшую будучыню Украіны. Наш карэспандэнт Зміцер Ягораў гутарыць з імі ў Кіеве на Майдане Незалежнасці.

Кожны дзень на Майдан прыходзяць тысячы асобаў. Кожнаму з іх можа спатрэбіцца медычная дапамога і не толькі пасля сутычак з міліцыяй. Таму ля Майдану дзяжураць брыгады хуткай дапамогі, але гэта не ўсё – у самім намётавым мястэчку можна пабачыць людзей у яркіх камізэльках з чырвонымі крыжамі. Гэта – лекары-добраахвотнікі, што бясплатна дзяжураць на Майдане.

Сафія прыехала тры дні таму са Львова разам з некалькімі сваімі калегамі. Кожны дзень яны не толькі дзяжураць у адмысловым намёце, але і абыходзяць намётавае мястэчка. Не кожны з жыхароў Майдану, калі прастудзіцца, пойдзе шукаць намёт з чырвоным крыжам. Але ў любы момант можна папрасіць дапамогі ў Сафіі ці ейных калегаў.

– Мы прыехалі сюды, каб дапамагаць людзям. Я паводле спецыяльнасці – стаматолаг, але мае веды дазваляюць аказваць першую медычную дапамогу.

Сафія з калегам лекарам-добраахвотнікам. Фота belsat.euСафія з калегам лекарам-добраахвотнікам. Фота belsat.eu– Ці шмат лекараў са Львова прыехала?

– Першая група лекараў – каля 20 асобаў. Дарэчы, сярод іх шмат стаматолагаў. Не ведаю, чаму менавіта мае калегі такія актыўныя.

– І вы кінулі працу ў сваім горадзе і прыехалі сюды?

– У мяне прыватны кабінет. Я ўсіх сваіх пацыентаў папрасіла пачакаць да наступнага панядзелка. Бо я мушу выканаць свой грамадзянскі абавязак. Мы стаім тут не за Еўропу ці супраць Януковіча. Мы стаім за – Украіну і ўкраінскі народ, за нармальную будучыню.

– А што гэта – нармальнае будучыня?

– Гэта вольная будучыня, лепшыя ўмовы для жыцця, калі ўлада не стрымлівае і не перашкаджае людзям, напрыклад, прадпрымальнікам. Цяпер у нас адваротная сітуацыя ў краіне.

– А тут, на Майдане, – як выглядае сітуацыя з пункту гледжання медыка? З чым звяртаюцца да вас людзі?

– Цяпер праз надвор’е бадай найчасцей звяртаюцца з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі. Горла, кашаль, насмарк, тэмпература. Але бываюць і гіпертанічныя крызы. Уначы было 9 выпадкаў прыступаў эпілепсіі – гэта шмат.

– І як вы ў палявых умовах можаце дапамагчы? Ці ёсць у вас неабходныя лекі?

– Ёсць шмат спонсараў, якія прывозяць нам медыкаменты. Шмат хто з іх нават не хоча называць імя і дапамагаюць грашыма ананімна. Неяк выходзім з палажэння.

– Вашыя сваякі ды сябры, што засталіся ў Львове, пэўна, хвалююцца за вас.

– Так, яны хвалююцца, але калі я прыняла рашэнне ехаць, што застаецца рабіць? Я не магу сказаць, што менавіта сталася тым «каталізатарам», што я прыехала сюды. Напэўна, усе тыя падзеі, пра якія вядома з Майдану, наpзбіраліся і я адчула патрэбу быць тут і дапамагаць людзям.

– Але ў любы момант можа распачацца штурм. Што вы будзеце рабіць?

– Кідацца на «Беркут» мы не будзем, але мы будзем старацца аказаць дапамогу тым, хто пацярпеў. Мы спадзяемся, што такой патрэбы не будзе.

– Падчас спробы штурму Адміністрацыі прэзідэнта пацярпелі шмат людзей, у тым ліку і некалькі медыкаў-валанцёраў…

– Так, сапраўды кажуць, што некаторыя «беркутаўцы» мэтанакіравана збівалі тых, хто меў павязкі з чырвоным крыжам і аказваў дапамогу людзям, а аднаго з медыкаў арыштавалі. Але мяне там не было, таму не магу гэтага сцвярджаць. У любым выпадку мы застанемся тут. Хтосьці мусіць ратаваць людзей. Падчас цяжкіх траўмаў вельмі важна аказаць медычную дапамогу як мага хутчэй.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў