У гэтых хатах час затрымаўся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя


Веткаўшчыну часта называюць краем рушнікоў. Менавіта тут, у вёсцы НЕглюбка ды яе ваколіцах, раней паўсюдна ткалі вырабы, якія, як спадзяюцца этнографы, калісьці могуць трапіць у спіс каштоўнасцей UNESCO. Але нешматлікія мясцовыя жыхары жывуць зусім іншымі клопатамі. Нашыя журналісты наведалі некалькі вёсак Веткаўскага раёну.
{movie} Вясковыя клопаты (06.12.2013)|right|13664{/movie}
У гэтых нешматлікіх яшчэ жылых хатах Веткаўшчыны час затрымаўся нават не напрыканцы, а ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Няхай сабе і ёсць электрычнасць, але няма ні лядоўні, ні тэлевізара і тэлефона, ні нават радыё. Колькі хапае сілаў, вяскоўцы трымаюць гаспадарку.

СПАДАРЫНЯ ВЕРА: “Бульба свая, гуркі свае, цыбуля свая, капусты вунь яшчэ качанок ёсць пад мостам. А што мне болей трэба?..”

Двойчы на тыдзень алей ды крупы можна набыць у аўталаўцы. Хоць хаты пераважна бедныя і вельмі бедныя, нават некалькі разоў на год у вёскі наведваюцца рабаўнікі ды злодзеі.

СПАДАРЫНЯ ВЕРА: “Жалеза кралі, дык гэта нішто. А грошы цыганы бралі. А так, трапак – не. Хустачак вузялок быў, дык ухапілі. Кніжку рэлігійную ўхапілі, дарагую кніжку”.

Не даюць спакою вяскоўцам і частыя госці-махляры, якія кожным разам спрабуюць надурыць новаю маною.

СПАДАРЫНЯ МАРЫЯ:
“Мы вось чаго: “Бабуля, колькі вы пенсіі атрымліваеце? Мы з райсабесу. Колькі вы пенсіі атрымліваеце?” А чаго вы пытаецеся, калі вы з райсабесу? Райсабес жа налічыў – вы ведаеце, колькі я атрымліваю”.

Вымушаныя ж цяжка працаваць усё жыццё, вясковыя бабулі, як 90-гадовая спадарыня Вера, і цяпер абыходзяцца без старонняй дапамогі.

СПАДАРЫНЯ ВЕРА:
“Дроваў у мяне хапае, наспажывала [нарыхтавала], не лянуюся. Улетку іду – якую галюку цягну, сяку – у печ”.

Раней спадарыня Вера ткала, як і іншыя бабулі, што дажываюць свой век на Веткаўшчыне, праславіўшы мясцовую вёску Неглюбка сваймі рушнікамі. Але майстрыхі адыходзяць, а разам з імі іхнае майстэрства ды часта і самі творы сапраўднага народнага мастацтва.

Вольга Кляўчэня, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў