Увесь свет развітваецца з чалавекам, які перамог апартэід


Увесь свет развітваецца з чалавекам, які перамог апартэід. На 96-м годзе пайшоў з жыцця Нэльсан Мандэла, першы чарнаскуры прэзідэнт Паўднёваафрыканскай рэспублікі, нацыянальны герой ды лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
{movie} Сышоў Нэльсан Мандэла (06.12.2013)|right|13662{/movie}
Пра смерць першага чарнаскурага прэзідэнта Паўднёваафрыканскай рэспублікі напярэдадні позна ўвечары паведаміў цяперашні лідар краіны.

ДЖЭЙКАБ ЗУМА, ПРЭЗІДЭНТ ПАР: “Нашая нацыя згубіла свайго найвыбітнейшага сына. Нашыя людзі страцілі свайго бацьку”.

Нэльсан Мандэла з сакавіка змагаўся з лёгачнай інфекцыяй, ляжаў у рэанімацыі, а ў верасні яго выпісалі дадому, дзе ён адышоў з жыцця. Яшчэ з вечара каля дому памерлага лідара ў прадмесці Ёганэсбургу пачалі збірацца людзі. Спачуванні выказваюць як астатнія афрыканскія лідары, гэтак і кіраўнікі іншых краінаў у свеце.

УГУРУ КЕНЬЯТА, ПРЭЗІДЭНТ КЕНІІ: “Мы будзем сумаваць па найбольш шанаваным сыне Афрыкі ды афрыканскім героі. У прэзідэнта Мандэлы былол незвычайнае жыццё”.

А паводле амерыканскага прэзідэнта, Мандэла дасягнуў большага, чым можна чакаць ад чалавека.

БАРАК ОЎБАМА, ПРЭЗІДЭНТ ЗША:
“Сваёй нязломнаю воляю ды гатовасцю ахвяраваць сваёй свабодай дзеля свабоды іншых Мадыба змяніў Паўднёвую Афрыку. Ягоны шлях ад вязня да прэзідэнта ўвасобіў у сабе спраўджаную надзею на тое, што людзі, як і краіны, могуць змяняцца да лепшага”.

Нэльсан Мандэла сур’ёзна заняўся палітыкаю пасля перамогі ў 1948-м Нацыянальнай партыі, якая падтрымлівала апартэід і пазбавіла чарнаскурых жыхароў краіны асноўных правоў: у тым ліку на грамадзянства, удзел у выбарах, свабоду перамяшчэння, адукацыю і медыцыну. Супраць расавай сегрэгацыі выступіў апазіцыйны Афрыканскі нацыянальны кангрэс, лідарам якога пазней і стаў Мандэла. З часам белы ўрад яшчэ больш узмацніў рэпрэсіі ды здэлегалізаваў АНК – негвалтоўная барацьба за правы чарнаскурых перарасла ва ўзброенае змаганне. У 62-м Мандэла трапіў за краты. Тады ягонае імя пачулі па-за межамі Афрыкі.

АЎН САН СУЎ ЧЫ, ЛІДАРКА АПАЗІЦЫІ БІРМЫ:
“Ён прымусіў нас усіх зразумець, што ніхто не павінен быць караны за колер яго скуры, за абставіны, у якіх ён нарадзіўся”.

Нэльсана Мандэлу вызвалілі толькі ў 90-м у вялікай ступені дзякуючы шырокай кампаніі міжнароднай салідарнасці. Праз тры гады яго разам з тагачасным прэзідэнтам краіны ўганаравалі Нобэлеўскаю прэміяй міру. У 94-м у Паўднёваафрыканскай рэспубліцы прайшлі першыя вольныя выбары. Прэзідэнтам стаў Нэльсан Мандэла, які правёў шэраг палітычных і эканамічных рэформаў на карысць чорнага насельніцтва.

Спачуванні ў сувязі са смерцю Нэльсана Мандэлы гучаць сёння па ўсім свеце: у Азіі, Аўстраліі, Лацінскай Амерыцы ды Еўропе… Узгадалі змагара з апартэідам і на кіеўскім Майдане.

ПРАТЭСТОВЕЦ, МАЙДАН: “Гэты чалавек – прыклад для ўсіх, што калі змагацца, то ўсё выйдзе”.

Адметна, што афіцыйныя спачуванні з нагоды смерці былога палітвязня выказаў і кіраўнік Беларусі, дзе за кратамі ўтрымліваецца больш за дзясятак апанентаў улады.

Уласным прыкладам Нэльсан Мандэла даказаў, што і трыма дзясяткамі гадоў турмы ідэі не зламіць.

НЭЛЬСАН МАНДЭЛА, БЫЛЫ ПРЭЗІДЭНТ ПАР:
“Я рашуча змагаўся супраць панавання белых, я рашуча змагаўся супраць панавання чорных. Я за ідэал новай Паўднёвай Афрыкі, дзе ўсе паўднёваафрыканцы – роўныя”.

За два дзесяцігоддзі пасля перамогі над апартэідам гаспадарчая сітуацыя паўднёваафрыканцаў значна палепшылася. Галечы, аднак, перамагчы не ўдалося. У краіне – высокі ўзровень крыміналу і карупцыі. Аднак без сумневаў: Нэльсан Мандэла змяніў Паўднёвую Афрыку.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў