Споведзь медыя-мазахіста, які прымушае сябе глядзець БТ


Раней тэлевізар быў не толькі атрыбутам заможнасці, але і самаю аўтарытэтнаю крыніцаю інфармацыі. Медыярынак быў манапалізаваны «блакітным экранам». Але пазней з’явіўся інтэрнэт, і расклад сілаў у беларускім медыйным асяроддзі змяніўся. Якое яно, сучаснае беларускае тэлебачанне? Аўтарытэтная крыніца інфармацыі ці самая сапраўдная «зомбаскрынка»? Пра гэта – у «Размове Жбанкова» распавядае медыякрытык і журналіст Леанід Міндлін.

{movie}”Размова Жбанкова”: Споведзь медыя-мазахіста, які прымушае сябе глядзець БТ |right|13649{/movie}

Галоўная функцыя сучаснага беларускага тэлебачання – прапаганда, гэта машына міфаў, тлумачыць Леанід Міндлін. «І гэта датычыць не толькі беларускага тэлебачання. Сённяшняе тэлебачанне стварае ўласны свет, і становіцца правадніком ідэяў, і паказвае нам свет, у якім мы не жывем».

Аб’ектыўнае і праўдзівае тэлебачанне, ці існуе яно ўвогуле? Пытаецца Максім Жбанкоў у свайго госця. «Праўдаў шмат, а ісціна адна. Я лічу, што кожнае тэлебачанне прэзентуе свой пункт гледжання, – тлумачыць медыяэксперт. – «Вось, ёсць праўда Давыдзькі [кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі – belsat.eu], на мой погляд, яна смешная. Праграма «Клуб рэдактароў», якую ён вядзе, мае смешную колькасць гледачоў. Магу дакладна назваць двух: адзін – гэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка (ён сам пра гэта сказаў). Другі – гэта я. Праўда Давыдзькі на ўзроўні пародыі, анекдоту».

Але праўду «Белсату» таксама можна назваць смешнаю і такою, што прэтэндуе на званне прапаганды, уступае ў спрэчку са сваім суразмоўцам Максім Жбанкоў. «Тут пытанне, як гэтую праўду даказаць. Гэта пытанне прафесіяналізму. Давыдзька мне не даказаў сваёй праўды. Я ўспрымаю ягоную праграму як парадыйную», – кажа Леанід Міндлін.

Але чаму сёння ТБ перастала быць крыніцаю медыйных войнаў, дзе сенсацыі ды барацьба медыя-тытанаў, якая мела месца 10 гадоў таму? Грамадства нібыта не звяртае ўвагі на гэтую валтузню, працягвае Максім Жбанкоў. «Беларускае грамадства стала інэртным. Яму не патрэбнае мае суб’етыўнае меркаванне. Ды і ўвогуле беларус змірыўся з тым, што ад яго нічога не залежыць. Вось чаму заходняга чалавека можна назваць «гледачом», «чытачом» і «слухачом»? Бо ён разумее: інфармацыя – гэта ключ да поспеху».

Эпоха прапагандысцкіх войнаў і супрацьстаяння дзяржавы і грамадзянскай супольнасці на медыярынку, у тым ліку і тэлевізійным, раней ці пазней скончыцца, сцвярджае вядоўца. Леанід Міндлін уступае з ім у палеміку. «Пакуль гэта зброя эфектыўная, яна будзе выкарыстоўвацца. Вось, давайце прыгадаем 2010 год, калі расейскія тэлеканалы выпусцілі 4 серыі «Хросны бацька» – гэта была самая сапраўдная медыйная зброя. І зрабілі яе паводле методыкі інфармацыйна-псіхалагічнай атакі», – зазначае Леанід Міндлін.

Дагрукацца да сэрцаў патэнцыйных гледачоў «зомбаскрынкі» становіцца ўсё цяжэй і адбываецца гэта у сувязі з тым, што тэлебачанне перажывае новы этап, шукае сваё месца і паступова інтэгруецца з інтэрнэтам, тлумачыць Міндлін. Калі глядач і спажывец інфармацыі мае выбар, то такога гледача значна цяжэй запраграмаваць. Але гэта толькі на першы погляд, кажа медыякрытык «Не усё так адназначна. Пакуль есць канкурэнцыя – есць выбар. Але калі ўявіць сітуацыю, што ўся інфармацыя з розных крыніцаў канцэнтруецца ў адных руках, і вось гэта якраз і становіцца падставаю, каб манапалізаваць рынак».



Больш размоваў з цікавымі людзьмі можна знайсці ТУТ!

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў