Арганізатарка канцэрту «Акіяну Эльзы» знайшла злодзеяў: журналістаў


Адразу два непаразуменні адбыліся вакол выступу ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы» ў Берасці.

Гурт з 1 да 8 снежня здзяйсняе гастрольны тур па Беларусі дзеля падтрымання свайго новага альбому «Зямля», які выйшаў у свет сёлета ў траўні.

Да Берасця музыкі ўжо выступілі выступілі ў Гомлі, Віцебску і Магілёве. Сёння канцэрт пройдзе ў Горадні, а 8 снежня – у сталіцы на «Менск-Арэне».

Напярэдадні выступу ў Берасці атрымаўся скандал з квіткамі. Іх распаўсюджвалі мясцовая філармонія і сайт «Ticketpro.by». Квіткі прадалі яшчэ ў кастрычніку. Аднак напярэдадні канцэрту, 4 снежня, на сайце Берасцейскага аблвыканкаму з’явілася паведамленне пра тое, што грамадзянаў, якія набылі квіткі праз сістэму ТАА «Ticketpro», на канцэрт гурта «Акіян Эльзы» не прапусцяць. Тлумачылі гэта захадамі пажарнай бяспекі. Паводле нормаў МНС, на танцполе ў берасцейскім Лядовым палацы спорту могуць размяшчацца не больш за 1 тыс. 307 асобаў.

Уладальнікі квіткоў, набытых праз інтэрнэт – а гэта больш за 500 асобаў – пачалі абурацца.

У выніку арганізатары канцэрту, прадстаўнікі кампаніі «Ticketpro», правялі перамовы з прадстаўнікамі МНС і МУС. Яны далі разлік кампетэнтнай ліцэнзаванай арганізацыі, згодна з якім на пляцоўцы могуць адначасова размясціцца да 2 тыс. асобаў. У выніку перамоваў вырашылі прапусціць на канцэрт украінскага гурта ўладальнікаў усіх квіткоў, у тым ліку набытых праз інтэрнэт. Паведамленні пра гэта размешчаныя і на сайце аблвыканкаму, і на афіцыйнай старонцы берасцейскай філармоніі.

Шмат якія беларускія медыі напісалі пра гэта. Арганізатар канцэрту ПУП «Біг Шоу Прамоўшн» моцна пакрыўдзіўся на журналістаў. У выніку іх выгналі на вуліцу. І хоць акрэдытацыяй журналістаў на канцэрт займалася берасцейская філармонія, але «Біг Шоу Прамоўшн» не звярнула на гэта ўвагі, што пацвердзіў дырэктар філармоніі Ігар Рубацкі. «Мы тут самыя галоўныя, і мы тут вырашаем», – заявіла журналістам прадстаўніца кампаніі дзясятку журналістаў, якія ўсё ж змаглі прайсці на канцэрт.

«Вы нас суткі, прабачце, паліваеце з усіх бакоў. Нашыя ўмовы такія. Вы здымаеце першыя тры песні, пасля чаго вас на двор выводзіць ахова. Мы прадалі ўсе квіткі на канцэрт, і прэса нам тут не патрэбная», – заявіў прадстаўнік «Біг Шоу Прамоўшн».

Музыкі з’явіліся на сцэне на 25 хвілінаў пазней чымся было заяўленае. Гледачы прынеслі з сабою некалькі ўкраінскі сцягоў. Калі «Акіян Эльзы» выканаў тры песні, ахова жорстка вывела журналістаў да службовага выйсця і запатрабавала пакінуць Лядовы палац спорту. На выхадзе амапаўцы разгаварылася і паведамілі: «Скажыце дзякуй, што вас наагул сёння сюды пусцілі».

Прэс-канферэнцыі не зарганізавалі, на наўпроставы зварот да прадстаўнікоў «Акіяну Эльзы» з просьбаю даць нашаму тэлеканалу хоць бы пяць хвілінаў адказалі адмоваю з прычыны шчыльнага графіку групы падчас туру па Беларусі.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў