Чаму Віктар Лукашэнка не стаў сакратаром Рады бяспекі?


Больш за месяц пасада сакратара Рады бяспекі заставалася вакантная. Верагодным пераемнікам Леаніда Мальцава аналітыкі называлі Віктара Лукашэнку. Але кіраўнік краіны прызначыў на гэтую пасаду генерал-маёра Аляксандра Мяжуева, выпускніка вайсковай акадэміі Генеральнага штабу… Расеі. Чым вядомы гэты вайсковец, і што нясе краіне сённяшняе прызначэнне?

{movie}Генерал-дэпутат Мяжуеў (05.12.2013) |right|13648{/movie}

Вызначаць вайсковую палітыку краіны ў сферах бяспекі ды запэўніваць абарону суверэнітэту краіны, яе экалагічнага стану, а таксама правоў і свабодаў грамадзянаў. Так – на паперы – запісаныя мэты Рады бяспекі Беларусі. На справе гэта найвышэйшая рада сілавікоў, што выконваюць усе загады Аляксандра Лукашэнкі. Сакратаром з сённяшняга дня будзе Аляксандр Мяжуеў, генерал-маёр, кіраўнік Беларускага саюзу афіцэраў, нараджэнец Берасцейшчыны. У свой час ён закончыў Вайсковую акадэмію Генштабу – у Маскве.

ВАЛЕРЫЙ ФРАЛОЎ, ГЕНЕРАЛ-МАЁР, САСЛУЖЫВЕЦ МЯЖУЕВА:

«Ён дастаткова дасведчаны кіраўнік, прайшоў вельмі вялікую школу, ён здольны арганізаваць працу Рады бяспекі так, як гэта бачыцца Аляксандру Рыгоравічу».

Аляксандр Мяжуеў служыў на камандных і штабных пасадах. А з мінулага года часова быў зняты са службы на час працы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Гарадзенскай сельскай акрузе. У Палаце Мяжуеў узначальваў камісію па нацыянальнай бяспецы. Дэпутат-вайсковец вядомы сваім адмоўным стаўленнем да пераходу войска з прызыву на кантракт.

АЛЯКСАНДР МЯЖУЕЎ, ДЗЯРЖСАКРАТАР РАДЫ БЯСПЕКІ:

«У нас цяпер задача якая: мадэрнізацыя і пераход на новую тэхніку ці нам трэба тэрмінова перайсці на кантрактную армію?».

Лукашэнка прызначыў на пасаду сакратара гэтага вайскоўца, бо цяпер яму складана знайсці на найвышэйшыя пасады высокакваліфікаваных спецыялістаў, якім ён мог бы давяраць, лічыць праваабаронца Алег Волчак. А наступны год – год мясцовых выбараў і хакейнага чэмпіянату свету – можа несці свае праблемы для беларускага аўтарытарнага рэжыму. Трэба новы чалавек, але каб выконваў загады без пытанняў.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:

«Вайскоўцы, як правіла выканаўчыя, яны менш задзеяныя ў грамадзянскіх працэсах, сувязях».



Валерый Фралоў, былы саслужывец Мяжуева, лічыць, што новага сакратара Рады бяспекі зломяць пры любым непадпарадкаванні.

ВАЛЕРЫЙ ФРАЛОЎ, ГЕНЕРАЛ-МАЁР, САСЛУЖЫВЕЦ МЯЖУЕВА:

«У нас шмат якія пытанні, хоць і напісана, прававая, дэмакратычная дзяржава, – у жыцці трохі іначай».

Калі папярэдні дзяржсакратар – практычна пенсіянер Леанід Мальцаў – месяц таму быў пераведзены на кіраўніцтва Памежным камітэтам, шмат хто з назіральнікаў чакалі, што сын Лукашэнкі Віктар перасядзе да бацькі крыху бліжэй ды з проста чальца Рады бяспекі стане дзяржсакратаром. Але хіба рана.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:

«Калі б паставілі сына – Віктара Лукашэнку, то гэта было б занадта відавочна, што рыхтуюць правапераемніка».

Для настолькі відавочнай дынастыі час яшчэ не прыйшоў, бо трэба нешта рабіць з пагрозаю дэвальвацыі ды перажыць той самы чэмпіянат. Але ў прынцыпе – абмежаванняў для прызначэння ў Лукашэнкі на сёння няма.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў