«Беларуская мова ў адукацыі? Не, не чулі. Будзе яшчэ менш»


Беларускія блогеры абураныя новаю інструкцыяй для настаўнікаў, якая зраўняла беларускую мову з замежнаю.

Адзін з блогераў на мянушку Vp, які вядзе «Жывы Журнал» як газету «Вячэрні процівагаз», выклаў у сеціва дакумент Міністэрства адукацыі «для службовага карыстання», які знаёміць настаўнікаў з новым парадкам афармлення розных конкурсных працаў школьнікаў.

Паводле дакумента, назвы працаў па замежнай або беларускай мове неабходна пісаць «на замежнай (беларускай) мове і ў дужках пераклад на расейскую мову». Астатняя інфармацыя на тытульным лісце мусіць афармляецца толькі на расейскай мове, падае дакумент.

titul
Фота vp.livejournal.com

Дык хто ж вінаваты: Масква, Лукашэнка ці мы самі?

«Беларуская мова ў адукацыі? Не, не чулі. Будзе яшчэ менш», – пішуць блогеры і стараюцца праз развагі дайсці да прычынаў сённяшняй русіфікацыі.

«Можна доўга разважаць аб прычынах, але цяперашняя сітуацыя – вынік дзеянняў і намераў усіх нас, ніякая крывавая рука Масквы і тым больш Лукашэнка тут не вінаватыя. Апошні наагул заўсёды трымаў нос па ветры, калі б у грамадстве быў трэнд на беларускую мову, ён бы першы выскачыў з б-ч-б-сцягам і пачаў бы пісаць на лацінцы», – заўважыў карыстальнік «Жывога Журналу» Hans.

«Я не згодны з меркаваннем. У Самі Ведаеце Каго стаўленне да мове зусім іншае: комплекс сельскага жыхара, які нічога больш не хоча, як пазбавіцца ад акцэнту», – адказвае блогер Vp.

«Аднак народная легенда весціць, што менавіта Лу-ко ўносіў у Вярхоўны Савет бел-чырвона-белы сцяг і што ён таксама падаваў заяву на ўступленне ў БНФ. Толькі, у адрозненне ад наменклатурных сынкоў Вячоркі і Навумчыка, сельскі жыхар вельмі хутка зарыентаваўся ў настроях грамадства і як мага мацней адмежаваўся ад нацыяналістаў», – даводзіць ягоны апанент.

Чаму «для службовага выкарыстання»?

Блогераў абурыла таксама, што Міністэрства адукацыі ўжывае абмежавальныя грыфы, выкарыстанне якіх рэгламентаванае. «Такія грыфы проста так ставіць нельга. Забаронена. Ды і пэўныя патрабаванні па такім дакументазвароце ёсць. Я сумняюся, што школы іх выконваюць. Зрэшты, сам дакумент неілюзорна парушае Канстытуцыю. Так што ў аўтараў адзінства формы і зместу», – пішуць інтэрнаўты.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары