Парфянкова асудзілі на год турмы строгага рэжыму (+відэа)


Парфянкоў гаварыў у судзе пра Лукашэнку як пра «чалавека, які незразумела чаму называе сябе прэзідэнтам», напісала ў сваім «Фэйсбуку» актывістка Юлія Сцяпанава.

Былога палітзняволенага Васіля Парфянкова суд Першамайскага раёну Менску прызнаў вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і прыгаварыў да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з прымусовым лекаваннем ад хранічнага алкагалізму ў месцы адбывання пакарання.

Суд павінен быў пачацца 28 лістапада, але суддзя Леанід Ярмоленкаў вымушаны быў перанесці паседжанне. Высветлілася, што Парфянкову не ўручылі пастановы аб прызначэнні судовага паседжання на 28 лістапада. Адпаведны дакумент былы палітвязень меўся атрымаць за пяць дзён да суда, аднак яму паведамілі пра дату працэсу толькі напярэдадні.

Падсуднага прывезлі на пасяджэнне пад канвоем, бо яго ўтрымліваюць у лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП) № 1 у Светлагорску (Гомельская вобласць).



«У нашай краіне з любога можна зрабіць закончанага алкаголіка. Падчас правядзення экспертызы мне памералі ціск, пастукалі малаточкам па каленях і паставілі другую стадыю алкагалізму з адпраўленнем у ЛПП», – сказаў Парфянкоў падчас судовага перапынку.

{movie}Парфянкоў: Мой прысуд выносіцца не ў будынку суда|right|13635{/movie}

Перад мінулым паседжаннем актывіст заявіў журналістам, што гатовы да абвінаваўчага выраку да таго, што можа зноў апынуцца ў турме.



Сёння ў судзе Парфянкоў адмовіўся даваць паказанні, бо лічыць, што мэта цяперашняга працэсу – ізаляваць яго ад грамадства за актыўную грамадзянскую дзейнасць.

У 2011 годзе Парфянкова асудзілі за ўдзел у Плошчы-2010 да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, але ў жніўні таго ж года вязеня памілавалі. Пасля гэтага ўлады неаднаразова пераследавалі актывіста.

У верасні гэтага года Васіля Парфянкова і яшчэ аднаго былога палітвязня, Уладзіміра Яроменка, асудзілі на пяць содняў арышту за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 24.12 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях) і змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Абодвух мусілі вызваліць 21 верасня, аднак на волю выйшаў толькі Яроменак – Парфянкова змясцілі на год у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Пераслед былога палітвязня праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу ціску на грамадскіх актывістаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў