«Я паралізаваны па грудзі. Мяне няма. Толькі галава ды рукі»


Пра горка-камічныя выпадкі з жыцця на калясцы, абяцаную сацыяльную кватэру, якую не далі. Працяг гісторыі Сяргея Гудовіча.



Працяг. Першая частка ТУТ.

Шок бельгійскага псіхолага

Калі Сяргей прыехаў у Бельгію то пачуў: «Ты прыехаў да нас сам, без нікога! А там у вас жа ўвогуле нічога не прыстасаванае для інвалідаў».



Непрыемная паездка ў аптэку

Самы горка-камічны выпадак здарыўся з Сяргеем, калі ён вырашыў у сваім горадзе Маладзечна паехаць у новую аптэку. «Пандус такі круты, што самому заехаць нерэальна. Калі ўсё ж заедзеш, то дзвярэй не адкрыеш, бо яны адкрываюцца ў іншы бок. З дапамогаю зайшоўшы ў гэтую аптэку, кажу прадаўцу: «Хачу з вашым уласнікам паразмаўляць». Ніхто са мною так і не пагаварыў, бо нікому не трэба. Але гэта аптэка! Там неабходнае для майго жыцця».

Вось так у нас і робяць усё: толькі таму, што паводле праекту мусіць быць. А тое, што ад гэтага ніякай карысці, нікога не цікавіць.

А мы не мясцовыя» – кінулі ды пайшлі

«У мяне быў выпадак, – прыгадвае Сяргей. – Ехаў сам з Менску са спаборніцтваў. Выходжу з крамы «Чыгуначнік» і кажу: «Хлопцы, дапамажыце саскочыць». А яны: «А мы не мясцовыя». І пайшлі. Стаю і думаю: «Да чаго б гэта?»

Людзі не разумеюць адной рэчы: «Трапіць у такую сітуацыю, ведаючы, што такое быць паўнавартасным чалавекам, нашмат складаней, чымся калі б так загадала прырода. Я ведаю, як ісці па гэтых прыступках. Цяпер я навучыўся скакаць і для мяне іх проста не існуе. Сам на аўтобус саджуся, сам сыходжу з яго, у мяне праблемаў з гэтым няма. Я прызвычаіўся да гэтага жыцця для таго, каб быць незалежным».

Спартовыя каляскі ёсць, а памяшкання няма



Да аварыі Сяргей прафесійна займаўся цяжкою атлетыкаю. Пасля аварыі не згубіў ахвоты да спорту і здаровага ладу жыцця і працягнуў заняткі ў грамадскім аб’яднанні інвалідаў.

«Спартовы клуб «Прамень» існуе ўжо 13 гадоў, але нават памяшкання няма. Я як рыба аб лёд біўся, каб знайсці месца, дзе можна было б трэнажоры паставіць. Хацеў іншых за сабою падцягнуць, каб мы між сабою стасункі наладжвалі. Аднак дзяржаве трэба ўзяць гэтае памяшканне на сваё ўтрыманне: плаціць за арэнду, за свет і за ўсё на свеце. Вось у гэтым і праблема. У Барысаве такая трэнажорная зала існуе, таму адтуль спартоўцы і на Паралімпійскія гульні ездзяць. А ў нас памяшкання няма. Знаёмая з Германіі Дорыс Пашэка прывезла мне дзесьці сем спартовых калясак. Раздаў іх, хацеў зарганізаваць спартовыя танцы на калясках, але няма дзе трэнавацца. Дарэчы, Дорыс і з трэнажорамі дапамагла б. Спортам мы праслаўляем краіну. Але як яе можна праслаўляць? У мяне ёсць жаданне спортам займацца, толькі нікому гэтага не трэба. Чаму для інвалідаў нічога не робяць? Лічаць, што яны ўсе п’яніцы. Так зручна. Лепш чалавека год, два ці тры папаіць і даць мільён на пахаванне. Адзін плыве па цячэнні: куды прыбіла, туды прыбіла. А другі імкнецца кіраваць гэтым цячэннем. Нягледзячы ні на што. Я паралізаваны во – па грудзі! Мяне няма. У мяне ёсць толькі рукі ды галава. Але я хачу жыць».

На пенсію Br 1 млн 400 тыс. збудаваў кватэру



Спачатку Сяргей змагаўся за тое, каб жыллё далі бясплатна. «Мне тагачасныя мясцовыя ўлады паабяцалі, што атрымаю кватэру ў новым сацыяльным доме. Дом здалі, а мяне кінулі. Потым далі адмазку, што дом будавалі на рэспубліканскія сродкі, а з бюджэту гораду выдаткавалі грошы на 3 ці 4 кватэры. Іх атрымалі службоўцы. Пазней пабудаваў кватэру сам, таксама ў жыллёва-будаўнічым кааператыве. Хоць інваліду 1 групы з парушэннем апорна-рухальнага апарату, калі ён мае патрэбу ў квадратных метрах, кватэру мусяць даць бясплатна. Дом будаваўся 3 гады. Я прасіў, каб мне дазволілі ўносіць грошы паступова. Потым мне ў рукі трапіла газета. Там пабачыў інфармацыю пра субсідыі, пазваніў на ўказаныя нумары і аказалася, што субсідыя мне падыходзіць. Так і пабудаваў кватэру: частку грошай сам унёс, частку субсідыя пакрыла. Яшчэ на частку сумы крэдыт у банку ўзяў. Потым паехаў у райвыканкам. Сказаць, каб зрабілі мне пандус з балкона, каб я мог самастойна зайсці ў кватэру і выйсці, каб мог сам пайсці ў краму і набыць тое, што я хачу, а не тое, што мне прынясуць. Не дачакаўшыся, сам зрабіў у пад’ездзе драўляны адкідны пандус. Праўда, прыляцеўшы з апошняй вандроўкі, яго ўжо не пабачыў».

Пастскрыптум

Гэта нявыдуманая гісторыя аднаго чалавека, чыё жыццё скончылася і пачалося зноўку у 21 год. Колькі яшчэ пацярпела ад чыёйсьці бязладнасці? Калі вам ёсць, чым падзяліцца, дасылайце свае гісторыі: malankanara@gmail.com

Настасся Роўда, belsat.eu

Стужка навінаў