Коктыш: У бліжэйшай будучыні эканоміку Беларусі можа чакаць пэўны росквіт


Аляксандр Лукашэнка усцяж не сказаў ні слова аб пратэстах ва Украіне. Але ў дыпламатычных выразах узгадваў суседзяў Беларусі, прызначаючы шэраг паслоў, у тым ліку ў Польшчу і Літву. Пасля абвешчанага «пераходу ад дэмакратыі да дыктатуры» эксперты гадаюць, з чым звязаная новая – лагодная – рыторыка кіраўніка Беларусі.

«Палітыка палітыкаю, а грошы – на першым месцы!», даваў наказ новапрызначаным паслам Аляксандр Лукашэнка ў часе паседжання наконт кадравых пытанняў. Большасць з цяперашніх кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных місіяў маюць другую эканамічную адукацыю і пакліканыя нарошчваць экспарт айчынных тавараў за мяжу.

{movie}Маўчанне — золата? (03.12.2013) |right|13617{/movie}

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Будзе экспарт – будзе валюта. Будзе валюта – нашым палітычным праціўнікам не будзе чаго сказаць. У іх адна праблема і адна балбатня – дэстабілізаваць абстаноўку на валютным рынку. Гэта іхная галоўная задача. Яны думаюць, што калі мы валютны рынак абвалім, – абваліцца краіна. Анічога падобнага! Аніхто нікуды не абваліцца!».

Каб утрымацца, Лукашэнка загадаў наладжваць пазітыўную працу і з гэткімі суседзямі, якіх, як вядома, не выбіраюць, – як Літва і Польшча. Магчымасць дыялогу з Варшавай і Вільняй, не зважаючы на нацягнутыя міжбаковыя дачыненні, Менск усё-ткі захоўвае – згуляўшы на… сваім паўднёвым суседзе, адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

«Лукашэнка можа выкарыстаць украінскія падзеі, калі Еўропа – з-за геапалітычных меркаванняў – будзе гатовая пачаць перамовы з афіцыйным Менскам, заплюшчыўшы вочы на палітзняволеных, правы чалавека і г. д.».

Між тым падзеі ў Кіеве могуць прынесці выгоды Лукашэнку і з Усходу, перакананы іншы палітолаг Кірыл Коктыш: нават і ўгаворваць Крэмль асабліва не спатрэбіцца.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ:

«Расея папросту не можа сабе дазволіць нейкіх правалаў на беларускім кірунку. Так што, здаецца, на бліжэйшую будучыню беларускай эканоміцы папросту наканаваны пэўны росквіт – калі, вядома, улады Беларусі здолеюць гэта ўсё годна капіталізаваць. Але ж, здаецца, досвед ва ўладаў Беларусі ў гэтым кірунку даволі багаты».



Займанне ж звычайна гаваркім Лукашэнкам стрыманай і максімальна нейтральнай пазіцыі адносна падзеяў у Кіеве, аднак, мае пацэліць не толькі ў абодвух зайцоў на Захадзе і Усходзе. Не менш важным за замежныя крэдыты для ўладаў застаецца і падтрыманне палітычнае апатыі ў беларускім грамадстве, перакананы палітолаг Павал Усаў.

ПАВАЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

«Гэта прыклад і паказнік таго, як і якім чынам змагаюцца грамадствы суседніх краінаў за свае правы і за свой выбар. І зразумела, што беларускія ўлады намагаюцца пазбягаць інфармавання беларускага насельніцтва, што людзі, нягледзячы на рэпрэсіі, могуць – і даволі радыкальна – змагацца з уладаю. І эфектыўна змагацца з уладай!».

Між тым, маўчанне, як вядома, – гэта не толькі золата, але і знак згоды. Да прыкладу, з тым, што твае правы ды твой выбар будзе вызначаць нехта іншы.

Валеры Руселік, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў