Ксяндза Лазара выпусцілі з ізалятара КДБ


«Няма больш падставаў для далейшага ўтрымання ксяндза Уладзіслава Лазара ў следчым ізалятары КДБ», – паінфарамалі Апостальскую Нунцыятуру ў Беларусі.

Было прынята рашэнне, што падчас следства, якое яшчэ працягваецца, святар павінен знаходзіцца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэння і дзеяння, паводле вызначаных нормаў, з абавязкам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленні міліцыі, падае партал сatholic.by.

КДБ папрасіў нунцыя Кляўд’ё Гуджэроцці забраць ксяндза Лазара са следчага ізалятара.

26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на будаўніцтве менскага аквапарку паведаміў журналістам, што працаўніка беларускіх спецслужбаў затрымалі за працу на замежныя дзяржавы. «Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але праз ягоную дзейнасць пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжою», – заявіў кіраўнік краіны.

Праз некалькі дзён высветлілася, што ужо месяц КДБ трымала ў сваім ізалятары ксяндза Уладзіслава Лазара з Барысава.

Ксёндз Лазар раней служыў у Мар’інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Менскай вобласці), а ў красавіку яго прызначылі адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве (Менская вобласць). Ён – грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гарадзенскай семінарыі, а затым – у Польшчы.

МЯ, belsat.eu, паводле catholic.by

Стужка навінаў