Першы берасцейскі канцэрт «Recha» адбыўся ў грэка-каталіцкай парафіі


Урачыстае святкаванне Дня святых братоў апосталаў Пятра і Андрэя ў грэка-каталіцкай парафіі Берасця ўпрыгожыў сваім з’яўленнем сталічны музыка Андрусь Такінданг разам з гуртом «Recha». Для музыкаў гэта быў дэбютны выступ у горадзе над Бугам. Першы раз у горадзе – і ўпершыню ў святыні.

{movie}Першы берасцейскі канцэрт «Recha» адбыўся ў грэка-каталіцкай парафіі|right|13606{/movie}

Сам Андрусь уражанні апісвае гэтак: «Вядома, што у царкве не будзеш ладзіць скокаў, танцаў, але мы граем для людзей, ды за песні нам не сорамна – там няма крамольных слоўцаў, якія б не маглі гучаць у доме Божым».

Прыехаў гурт «Recha» няпоўным складам – без басоў і бубнаў, таму кампазіцыі ў першым аддзяленні былі лірычныя, а сам выступ больш нагадваў літаратурна-музычную імпрэзу.

«Мне падабаюцца творчыя асобы», – дзеліцца думкамі парафіянка Надзея Ярмішына.

У другой частцы вечарыны парафіянам паказалі фільм, які сёлета дэманстраваўся на фестывалі «Лістапад»: «Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне». Фільм, па іроніі, таксама спыніўся – знікла электрычнасць. Але музыкі працягнулі граць – у акустыцы. Артысты, паводле прызнання айца Ігара, са сваім аптымізмам былі тут дарэчы.

«Мы вельмі любім музыку, – апавядае святар. – Мы любім адпачываць, любім нашыя святы, і рэлігійныя, і нерэлігійныя. Нам падабаецца танчыць і радавацца, падабаецца есці. Мы кожнага разу гатуем розныя стравы, не толькі беларускія».

Натхніцца такім падыходам да жыцця і падзяліцца сваёй творчасцю ў парафію ўжо з’яўляліся Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Уладзімір Арлоў ды Віктар Шалкевіч.

Іншыя тэмы: Кася Камоцкая прызналася, што не хоча выступаць на стадыёнах. У Нацыянальным мастацкім музеі з заўтрашняга дня – выстава французскага наіўнага жывапісу. Берасцейскі гурт «WeArtists» выклаў у інтэрнэт лаіў-відэа свайго студыйнага канцэрту.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў