Украінскі парламент не выключае ўцёкаў з блакады, а Еўрамайдан ідзе «марыць» Януковіча (фота)


Паседжанне парламенту можа прайсці па-за сценамі будынку – у выпадку блакавання працы Вярхоўнай Рады.



Пра гэта агенцтву «Інтерфакс-Україна» паведаміў дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Уладзімір Алейнік.

«Калі будуць блакаваць, і мы пабачым, што трэба прымаць важныя рашэнні (я да такіх адношу, напрыклад, бюджэт Украіны), то пойдзем у іншае памяшканне, прагаласуем. А што рабіць?» – разважае дэпутат.

Разам з тым Алейнік адзначыў, што большасць прадстаўнікоў кіроўнай Партыі рэгіёнаў мае намер весці перамовы з апазіцыяй.

У аўторак 3 снежня Вярхоўную Раду Украіны атачыў шматтысячны натоўп прыхільнікаў адстаўкі ўраду, а прадстаўнікі апазіцыі пасля няўдалага галасавання аб гэтым пытанні заблакавалі парламент.

Еўрамайдан ідзе пад вокны Януковіча «марыць яго»

На Майдане незалежнасці ў Кіеве фармуецца калона для мірнага шэсця да Адміністрацыі прэзідэнта.

Лідар фракцыі партыі «Батьківщина» ў Вярхоўнай Радзе Арсеній Яцэнюк падкрэсліў, што ля Адміністрацыі прэзідэнта акцыя пратэсту працягнецца да таго часу, пакуль прэзідэнт Віктар Януковіч сваім указам не адправіць прэм’ер-міністра Мікалая Азарава ў адстаўку і пакуль не абвесціць датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў: «Януковіч ужо тры гады морыць Украіну, цяпер Украіна будзе марыць яго».

Віктар Януковіч, аднак, сёння з афіцыйным візітам адбыў у Кітай. Лідар Украіны не меў намеру адмаўляцца ад паездкі, нягледзячы на сітуацыю ў краіне.

Стужка навінаў